Сынод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пазбавіў пасады архіяпіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ён быў адзіным зь беларускіх праваслаўных герархаў, хто публічна асудзіў гвалт і падтрымаў пратэстоўцаў.

— Гэта адбылося паводле ўказаньня дзяржавы. Зараз трошкі зьмянілася становішча пасьля жнівеньскіх хваляваньняў і адбываецца ўсеагульная чыстка. Мяжа перакрытая, людзей звальняюць, саджаюць. Пакуль у іх зацішша — час для таго, каб трошкі паставіць і царкву на месца. Таму што царкоўнікі ня ўсе падтрымліваюць існуючы рэжым. Зараз прадстаўнікі ўлады разьяжджаюць па эпархіях, выступаюць там. Нават я чуў, што просяць не маліцца за тых, хто ў зьняволеньні. Такія малітвы забароненыя, каб нідзе не было ні найменшага іншадумства.

Ну, і палічылі патрэбным са мной расправіцца. Па ініцыятыве гэтай улады прадстаўнікі нашай сыстэмы гаварылі з патрыярхам у Маскве і папрасілі яго паспрыяць дзеля супакаеньня становішча ў Беларусі. Мабыць, на гэта ён даў ім дабраславеньне і згоду. Сынод адразу ж аб’явіў аб сваім рашэньні.

Прэтэнзіі да сьвятара

— Што я падзяліў грамадзтва на два лягеры паводле палітычных матываў. Падзяліў сьвятароў і вернікаў. А гэта недапушчальна. Я запярэчыў, што з палітычных нагодаў я не выступаў. Я даў маральную ацэнку таму варʼяцтву, калі зьдзекуюцца над людзьмі. Тое, што яны мне прадʼявілі, — гэта было сьмеху варта.

Магу вам прывесьці прыклад. Паказваюць мне фатаграфію кошыка зь велікоднымі яйкамі. На іх намалявана «Пагоня», наш старадаўні герб, ён сугучны і іканаграфіі. Нашых знакамітых князёў Барыса і Глеба заўсёды малююць аднаго зь дзідай, другога зь мячом, а яны бяруць сваю традыцыю яшчэ з старажытнагрэцкае царквы ад велікамучаніка Георгія Перамаганосца і Дзьмітрыя Салунскага зь мячом. Вось такі герб быў у нашых межах, а ў пачатку перабудовы ён быў нашым нацыянальным сымбалем, затым мы вярнуліся да савецкай сымболікі.

Па-першае, выява гэтага герба не зьяўляецца злачынствам. Па-другое, гэта сьмешна, у нас 100 парафій, і калі дзесьці дзіця намалявала на яйку «Пагоню», я павінен пра гэта ведаць і карныя меры прымаць? Велікоднае яйка ёсьць велікоднае яйка. Гэта сьвята радасьці. Людзі малююць тое, што сьвяшчэннае і дарагое для іх, гэта адпавядае велікоднаму ўспрыманьню жыцьця.

Другое абвінавачванае — чаму ў нас сьпявалі «Магутны Божа»?

(14 жніўня сьвятары Гарадзенскай эпархіі на прыступках галоўнага гарадзкога храма — Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора — выканалі малітоўны гімн «Магутны Божа» у падтрымку беларускага народу. РС).

Гэта старажытны беларускі гімн «Магутны Божа, уладар сусьвету». Мітрапаліт, знаходзячыся ў Горадні, афіцыйна забараніў сьпяваць гэты гімн? (14 кастрычніка патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веньямін заявіў, што гімн зьяўляецца сьвецкім і падзяляе людзей. — РС) Мы яго гадамі сьпявалі. У нас музычны фэстываль «Калоскі Дабравест» зь міжнароднай музычнай праграмай заўсёды пачынаўся з гэтага сьпеву, а тут раптам гэта стала забароненым і ледзь не антыцаркоўным. На набажэнствах зразумела, але на канцэртных праграмах — гэта наш асабісты выбар. І вось у адной з парафій дзіцячы калектыў ладзіў велікодны канцэрт і прасьпяваў «Магутны Божа», што палічылі дзяржаўным злачынствам.

Ну, вы самі ведаеце, калі ў нас на бальконе будуць вісець чырвоныя і белыя шкарпэткі адначасова, то можна атрымаць тэрмін.

Абвінавачваньні ў расколе

— Я не кажу ні пра які раскол. Я да гэтага стаўлюся вельмі асьцярожна і выкарыстоўваю мэдычны прынцып «Не нашкодзь». Мы не даем палітычных ацэнак. Мы спрабуем зьмяняць сытуацыю знутры, выкарыстоўваючы хрысьціянства і Эвангельле.

У нас нават гаворкі не было ні пра якую аўтакефальную царкву, як ва Украіне. Гэта ўвогуле нерэальная рэч, у нас усе культавыя будынкі належаць Беларускаму Экзархату, і ніякі прыход ня зможа мець храм іншай юрысдыкцыі. Гэтае пытаньне яшчэ не сасьпела нават для абмеркаваньня.

Гэта домыслы і хлусьлівае абвінавачаньне. Ніякага падзелу ў нашых вернікаў няма, наадварот, мы заклікаем да салідарнасьці, адзінства.

Цяпер мы павінны адпавядаць свайму ўзроўню, а мы ператварыліся ў царкву пэрыяду застою, ганеньняў і палону. Мы ўжо пераўзыходзім хрушчоўскія часы, калі ўпаўнаважаны перадаваў сваю волю, як жыць прыходам і што казаць.

Вінаваты, што наведваў турмы

— Наведваньне месцаў зьняволеньня таксама ставілася ў віну. Чаму наведвалі зьняволеных і прыносілі ім лекі і ваду? Тое, што Хрыстос сказаў: «Я быў хворы, і вы наведалі мяне, быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да мяне», — мы не павінны прымаць за кіраўніцтва да дзеяньня? Для нас павінна быць важна ўказаньне кіраўніцтва. Ніякіх наведваньняў.

І яшчэ куча дробязяў. Бацюшка бласлаўляў паству і разам са словамі «Хрыстос уваскрэс» сказаў яшчэ: «Жыве Беларусь!» А вы што, хочаце, каб не жыла?

Правільна сказаў, хай жыве Беларусь. Я кажу, я згодны з гэтымі словамі. Ва ўсіх эпархіях ёсьць моманты, калі людзі ў той ці іншай форме выказваюць сваю салідарнасьць з тымі падзеямі, якія цяпер адбываюцца. Таму абвінавачваньне проста некампэтэнтнае.

«Па стане здароўя»

— Па стане здароўя я не падаваў ніякіх прашэньняў і я не лічу, што па стане здароўя я не магу служыць. Ёсьць, вядома, узроставыя праблемы, я надаю ім увагу, але сытуацыя некрытычная. Няма ніякіх сьведчаньняў з боку мэдыкаў, няма прадʼяўленьня мне, на падставе чаго. Я Сыноду прама сказаў: «Вы робіце несумленна, вы пазбавілі мяне катэдры. А мне ня сорамна сыходзіць на спачынак».

Рэакцыя духавенства на гвалт

— Гэта заканамерна — турбавацца за свой народ. Мы не даем ацэнку ўладзе або палітычнай структуры, мы гаворым пра тое, што бачым парушэньне ўсіх нормаў чалавечага быцьця. Мы лічым гэта недапушчальным і выступаем з заклікам спыніць жорсткасьць у дачыненьні да нашага народу і вызваліць нявінных зьняволеных.

Ніякай рэакцыі царквы на гэта не было, і цяпер нават не ўспамінаецца, як быццам ніхто ніколі нічога не пісаў.

Чаму мяне не адхілілі адразу ж пасьля гэтых заяваў, яшчэ ў жніўні летась? Вельмі бурны быў пэрыяд, гэта ж трэба было падліваць алею ў агонь. Гэта магло спрыяць таму, што мы маглі наогул адкрыта выйсьці на ўдзел. Цяпер народ запалоханы. Я лічу, што і з пункту гледжаньня палітычнага яны паступілі няправільна і атрымаюць вынікі не на сваю карысьць.

«Вы ведаеце, што Андрэй Стрыжак назваў вас «выдатнай кандыдатурай на пасаду кіраўніка праваслаўнай царквы ў новай Беларусі», а дыякан Андрэй Кураеў напісаў пра вас, што вы — «сумленьне беларускай царквы»? — спытаў у архіепіскапа журналіст.

— Што вы такое кажаце, я спаць ня буду…

— А што вы думаеце з нагоды кандыдатуры вашага пераемніка Антонія?

— Не хочацца займацца разборкамі і плёткамі, ведаеце. У свой час Уладыка Антоній Мельнікаў, які памёр у Пецярбургу, казаў мне, што, калі ён быў рэктарам Мінскай Духоўнай семінарыі, некаторыя студэнты накіроўваліся на вучобу па камсамольскай пуцёўцы і потым яны ўплывалі на царкоўнае жыцьцё. Адчуваецца, як той казаў, што чалавек ужо цяпер адзін з маладых епіскапаў па паводзінах адчувае сябе обер-пракурорам. Чалавек, як гаворыцца, «ад гэтага сьвету».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?