Фота pixabay.com.

Цікава, што бельгійцы дамагліся гэтага, не патраціўшы вялікіх грошай. Яшчэ больш цікава, што іх шлях на вяршыню сусветнага футбола пачаўся пасля вялікага заняпаду.

На двары стаяў 2000 год, і Бельгія разам з Нідэрландамі прымала чэмпіянат Еўропы па футболу. Аднак радасць ад хатняга турніру аказалася нядоўгай, і ўсяго праз дзевяць дзён пасля ўрачыстага адкрыцця чэмпіянату бельгійская нацыяналка з яго вылецела, нават не здолеўшы прабіцца ў стадыю плэй-оф.

Гэтая падзея нарэшце прымусіла бельгійскую футбольную асацыяцыю перагледзець свае погляды на развіццё футбола ў краіне. Задачу выратаваць сітуацыю ўсклалі на Мішэля Саблона — 54-гадовага спецыяліста, які працаваў асістэнтам трэнера бельгійскай зборнай на трох чэмпіянатах свету. Цяпер яго прызначылі тэхнічным дырэктарам зборнай.

Саблон зразумеў — трэба цалкам змяняць сістэму падрыхтоўкі гульцоў. Ён пачаў з таго, што некалькі разоў наведаў Нідэрланды і Іспанію, дзе вывучаў працу мясцовых дзіцячых футбольных акадэмій (прычым сярод іх дакладна былі акадэміі «Барселоны» і «ПСВ»). Але і без тэорыі не абышлося: супрацоўнікі чатырох бельгійскіх універсітэтаў дапамагалі Саблону і яго камандзе вывучаць падрыхтоўку гульцоў у дзіцячым узросце.

Супрацоўнікі ўніверсітэта Левена прааналізавалі 1500 гадзін відэа футбольных матчаў — і выпрацавалі ідэі, якія дазволілі вывесці бельгійскі футбол на небывалы ўзровень.

Фота talksport.com.

Усё пачалося з пераходу на гульнявую схему з расстаноўкай футбалістаў 4-3-3, якая стала абавязковай для ўсіх клубных футбольных школ Бельгіі. Як тлумачыў сам Саблон, схема 4-3-3 дазваляе выхаваць разнапланавых гульцоў, якія добра сябе пакажуць і пры іншых расстаноўках.

Саблон высветліў, што падчас дзіцячых матчаў юныя футбалісты дакранаюцца да мяча ў сярэднім два разы за гульню. Гэтага надта мала, каб навучыць дзіця адпаведнай працы з мячом. Таму Саблон прапанаваў іншы фармат матчаў: дзеці да сямі год гулялі у камандах па два чалавекі, трохі старэйшыя — па пяць, яшчэ больш старэйшая катэгорыя — па сем.

Былі і іншыя меры. Дзецям да шаснаццаці год забаранілі перахопліваць мяч шляхам адбору, што вымусіла іх вучыцца разумець гульню, каб шукаць магчымасці атрымаць мяч іншым чынам. Нарэшце, у дзіцячых камандах забаранілі турнірныя табліцы і гульні на вынік — з’явы, якія перашкаджалі дзецям атрымліваць задавальненне ад футболу.

Было цяжка прымусіць усе клубы перайсці да новых правілаў — напрыклад, некаторыя акадэміі пяць гадоў не пагаджаліся перайсці на схему 4-3-3. Не менш праблемаў выклікала і тое, што першыя гады пасля рэформы не было бачна выніку ад намаганняў.

Святкаванне бронзы бельгійскай зборнай на чэмпіянаце свету — 2018.

Але потым бельгійскую нацыяналку чакаў росквіт. Першай яго адзнакай было тое, што ў 2017 годзе зборная краіны па футболе U-17 (гульцы, маладзейшыя за 17 год) апынуліся ажно ў паўфінале юніёрскага чэмпіянату. Далей быў шлях, які прывёў дарослую нацыянальную каманду да бронзы чэмпіянату свету 2018 года — і, напэўна, на цяперашнім чэмпіянаце Еўропы бельгійцы хацелі б дамагчыся большага.

Для шчырасці, бельгійцы ўсё ж выдаткавалі некаторыя грошы на сваю футбольную рэвалюцыю, калі дакладней — на пабудову васьмі новых футбольных школ. Але гэта былі фінансы, заробленыя падчас таго самага сумнага для краіны чэмпіянату Еўропы — 2000. Некаторыя футбольныя акадэміі пры бельгійскіх клубах таксама выдаткавалі грошы на паляпшэнне ўмоў трэніровак.

20 год таму амаль ніхто з бельгійцаў не гуляў у замежных камандах, зараз жа футбалістаў з гэтай маленькай краіны шануюць у лепшых клубах свету. Куртуа заваяваў трафеі з мадрыдскімі «Рэалам» і «Атлетыка», з англійскім «Чэлсі» ён два разы перамагаў у Прэм’ер-лізе — адным з галоўных чэмпіянатаў свету. Дэ Бройнэ ператварыўся ў «Манчэстэр Сіці» ў аднаго з найлепшых гульцоў планеты, і колькасць яго трафеяў вымяраецца двухзначнай лічбай. У Бельгіі хапае і іншых зорных імён — Эдэн Азар, які два разы перамог у Лізе Еўропы з «Чэлсі», Рамэлу Лукаку, які стаў чэмпіёнам Італіі, і шмат, шмат іншых.

Ёсць з чаго ўзяць прыклад беларускім футбольным босам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?