«У мяне скралі Радзіму.

Я ў бяспецы, сябры. Цяпер, калі ў бяспецы і маё дзіця — магу ўрэшце адгукнуцца.

Цяпер я не толькі паэт, але дысідэнт і нават крыху бежанец. Не магу прыняць, што гэта — доўгатэрміновая эміграцыя. Не.

Да дому прыехаў чорны бус і 7 сілавікоў у штацкім уварваліся ў кватэру, дзе жыла з Дзі-Дзі. Адначасова міліцыя і ГУБАЗіК завіталі на маю афіцыйную працу і да бацькоў. Суткі невядомыя капаліся ў маіх рэчах і правяралі суседзяў. Да сёння не ведаю, што менавіта канфіскавана: ёсць меркаванне — што ўся тэхніка (былі спробы (без поспеху) узламаць пошту і профілі з маіх жа кампутараў), каштоўнасці, сродкі. Кватэра апячатана да цяпер. І нават адвакатка туды не мае доступу, як і да маёй справы, бо СК яшчэ «дапрацоўвае» яе.

На мне — дзве з хвосцікам крыміналкі. І вялікая цікавасць СК, КДК, міліцыі і ГУБАЗіК.

Так атрымалася, што цягам некалькі дзён я страціла сям'ю, сваё жыццё, жытло, стабільную працу. Радзіму. 

Але даведалася, што маю найлепшых неймаверных сяброў. У мэтах бяспекі не магу называць імёнаў, на жаль. Але ведаю, на каго можна разлічваць у найцяжэйшы час. І гэта вялікае шчасце — мець такіх людзей у жыцці. Якія здольныя рызыкаваць і ахвяраваць усім сваім — дзеля тваёй свабоды. Аддаць табе сваю сукенку, абутак і нават зубную шчотку, прытуліць, абагрэць, даць ложак і цёплую ежу. Купіць квіток за сто тысяч мільёнаў. Ноч цікаваць ля дома на арандаванай машыне, матануцца некалькі разоў у розныя куткі краіны за суткі, зрабіць усё, каб маё двухгадовае дзіва ўрэшце апынулася поруч. Не спаць, супакойваць, падтрымліваць. Калі даеш нырца глыбей за дно. Калі сістэма спрабуе пракруціць у сваіх крывавых жорнах усё, што мае каштоўнасць — уратаваць могуць толькі тыя, для каго галоўны сэнс — годнасць, чалавечнасць і салідарнасць.

Некалькі сутак дабіралася ў бяспечнае месца — без тэлефона, рэчаў і сродкаў, мяне эвакуявалі лясамі ды балотамі. Як ёсць — у чым выйшла з хаты. 

Сёння першую ноч здолела паспаць.

Аказалася, некалькі крымінальных артыкулаў — не самае горшае, што мяне чакае. У мяне канфіскавалі не проста ўсе рэчы, а маё жыццё на Радзіме. А я ніяк не магу без маёй балючай Беларусі. Ніяк.

Адзінае, што яны ніколі не змогуць забраць, не здолеюць скрасці — нашую салідарнасць. 

Ваша падтрымка, сябры, — тое, што дае і дасць утрымацца на нагах, не ўпасці ў дэпрэсію яшчэ глыбей і не страціць веру ў людзей і будучыню, якая абавязкова будзе ў нашай Вольнай Беларусі. 

Я ніколі не хацела з'язджаць. І не з'ехала. Мае сны, думкі, вершы і дзеі — на Радзіме. І дзеля яе.

Я цвёрда веру ў мой народ. І перакананая (і гэта засталося нязменным!): беларус беларусу — любоў, падтрымка і перамога.

Жыве», — напісала Валярына Кустава ў фэйсбуку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?