У рацэ Гарынь у Столінскім раёне патанула 10-гадовае дзіця. Хлопчык з трыма сябрамі катаўся на ровары і вырашыў адправіцца на рэчку. Калі ён зайшоў у ваду, то стаў тануць. Дзеці паклікалі дарослых, аднак знайсці хлопчыка не ўдалося. Ён са Слоніма і знаходзіўся ў бабулі на канікулах.

На месцы здарэння працягваюць працаваць супрацоўнікі МНС і АСВОД у пошуках цела.

Другая трагедыя здарылася вечарам 15 чэрвеня ў возеры каля дарогі Добруш— Церахоўка. Там патануў 13-гадовы хлопчык. Падлетак адправіўся ў краму і сустрэў двух знаёмых дзяўчынак, з якімі паехаў на роварах на возера. Яны сталі купацца, і хлопчык стаў тануць. На дапамогу прыбеглі відавочцы, аднак цела хлопчыка дасталі супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца. Хлопчык — з Добруша, знаходзіўся на канікулах у бабулі ў Добрушскім раёне.

Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся ўчора ў Аршанскім раёне. У Дняпры патануў 15-гадовы хлопчык. Ён з двума сябрамі купаўся ў рацэ, стаў тануць. На дапамогу прыбеглі відавочцы, аднак выратаваць хлопчыка не ўдалося. Супрацоўнікі АСВОД дасталі хлопчыка з вады без прыкмет жыцця.