Фота manunitedcore.com

16 чэрвеня зборная Уэльса выйграла з лікам 2:0 у каманды Турцыі. Абодва галявыя пасы аддаў Гарэт Бэйл — лідар каманды, гулец англійскага «Тотэнхэма» і вядомы фанат гольфа. Яго захапленне гэтым відам спорту дасягае такіх маштабаў, што часам нават выклікае абурэнне футбольных фанатаў — маўляў, гольф — гэта цудоўна, але мы чакаем ад Бэйла больш футбольных поспехаў.

Але не менш цікавы і Ааран Рэмзі, паўабаронца валійскай зборнай і італьянскага «Ювентуса», які забіў сёння першы з двух галоў сваёй нацыяналкі. Гэты 30-гадовы футбаліст некалі мог пайсці па іншым шляху, напрыклад выбраць для сябе рэгбі, а не футбол. У гарадку Кайрфілі, дзе Рэмзі правёў ранняе дзяцінства, ён і пачаў займацца спортам. Мабыць, паўплывалі бацькоўскія гены: маці Аарана гуляла ў хакей, а бацька да ўзросту 40 гадоў гуляў за мясцовыя футбольныя каманды.

Калі хлопчыку было дзевяць, ён канчаткова адмовіўся ад дзіцячага захаплення рэгбі і пяцібор'ем на карысць футбола. Рэмзі ўзялі ў дзіцячую каманду найлепшага валійскага клуба «Кардыф Сіці», і пазней, ва ўзросце 16 гадоў, ён зрабіўся самым маладым гульцом у дарослай камандзе клуба.

Фота liverampup.com

З 2008 да 2019 года Рэмзі выступаў за лонданскі «Арсенал». У гэты час з ім здарылася сур’ёзная траўма, пасля якой гулец аднаўляўся некалькі гадоў і быў накіраваны гуляць у арэндзе ў іншых камандах, у тым ліку у родным «Кардыф Сіці».

У лютым 2010 года «Арсенал» гуляў у англійскім чэмпіянаце з «Сток Сіці», і гэты матч скончыўся для Рэмзі двайным адкрытым пераломам нагі. Прычына — сутыкненне з абаронцам супернікаў Раянам Шоўкрасам. Было невядома, ці вернецца Рэмзі на мінулы ўзровень і ці здолее ён увогуле пасля такой сур’ёзнай траўмы гуляць у футбол. Аднак моцная воля і падтрымка трэнера «Арсенала» Арсэна Венгера паступова вярнулі яго ў строй за дзевяць месяцаў.

Праз некалькі гадоў Рэмзі ўжо лічылі адным з найлепшых паўабаронцаў Еўропы. Але сапраўдны поспех напаткаў яго на чэмпіянаце Еўропы — 2016, дзе ў звязцы з Джо Аленам і Гарэтам Бэйлам Рэмзі паказаў цудоўную гульню. У выніку Уэльс дайшоў да паўфінала турніра, дзе саступіў будучым пераможцам чэмпіянату — партугальцам. У Кардыфе валійскіх футбалістаў сустракалі як нацыянальных героеў.

Сюжэт пра сустрэчу валійскай футбольнай нацыяналкі пасля Еўра-2016

Гісторыя Рэмзі, канешне, моцная, але ён больш вядомы праз іншае. Кажуць, што калі Ааран забівае гол, памірае нехта вядомы, і такіх прыкладаў ужо каля двух дзесяткаў.

Гэта пачалося ў 2009 годзе. Рэмзі адзначыўся голам у матчы з «Портсмутам», а праз тры дні памёр вядомы амерыканскі сенатар Эдвард Кенэдзі, малодшы брат амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Праз два гады Рэмзі забіў «Манчэстэр Юнайтэд», а на наступны дзень стала вядома пра забойства, як тады казалі, тэрарыста №1 — Усамы бен Ладэна. Праз тры дні пасля голу «Тотэнхэму» з'явілася навіна пра смерць Стыва Джобса, а на наступны дзень пасля голу ў вароты «Марсэлю» быў забіты Муамар Кадафі.

Вось толькі некаторыя з іншых людзей, што паміралі пасля галоў Рэмзі: спявачка Уітні Х’юстан, акцёры Робін Уільямс, Алан Рыкман і Пол Уокер, пісьменнік Гюнтэр Грас, навуковец Стывен Хокінг і былая першая лэдзі ЗША Нэнсі Рэйган.

Фота justarsenal.com

Тым не менш, зусім не заўсёды пасля голу Рэмзі з’яўляецца навіна пра смерць кагосьці вядомага. Пару гадоў таму журналісты падлічылі, што пра смерць знакамітасці вядома толькі пасля 25% галоў валійца. Аднак брытанскія фанаты ўжо ўспомнілі пра праклён Рэмзі, і зараз па тэгу #Ramseycurse ў Твітары можна знайсці розныя версіі таго, хто ж стане новай «ахвярай» валійца.

Сам Рэмзі ставіцца да гісторыі з праклёнам з гумарам і кажа, што ён усё ж такі «забіў» некаторых «дрэнных хлопцаў» — мае на ўвазе бен Ладэна і Кадафі. У яго добры імідж, і лягчэй пачуць пра дабрачынныя акцыі з удзелам Рэмзі, чым пра скандалы. У мінулым годзе, напрыклад, валіец пералічыў 10 тысяч фунтаў брытанскай Нацыянальнай службе аховы здароўя, а праз нейкі час падтрымаў цэнтр дапамогі бяздомным у валійскім Ньюпарце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?