Работы Губарава прадаваліся на аўкцыёне «Крысціс» у Лондане, удзельнічалі ў сусветным «Экспа» ў Шанхаі, траплялі ў музеі ЗША, Швейцарыі і Германіі. У французскай Gallerie Berthéas Les Tournesols яны ў рамках эксклюзіўнага кантракта выстаўляюцца ўжо каля дваццаці гадоў. Як кажа сам мастак, за гэты час ён навучыў французаў пазнаваць нашу краіну і цікавіцца ёй.

Дзеля выставы «Вялікія мары маленькіх людзей» у Нацыянальным мастацкім аўтар забраў усе палотны са сваёй майстэрні, а таксама, «бо трэба было закрыць залы», звярнуўся да прыватных калекцый.

«Тут усё прысвечана маленькаму чалавеку — таму, хто адпавядае лозунгу «Купляйце беларускае», і я яго такім люблю, — кажа Валянцін Губараў. — Ён носіць адзенне з тканін камвольнага камбіната, купляе нашы прыдатныя каб есці прадукты, а калі трэба, устае сярод ночы і дапамагае давезці рэчы да вакзала. Мае персанажы нязграбныя, але аказваюць тэрапеўтычнае ўздзеянне: якая-небудзь пара падыдзе да карціны і жонка скажа мужу: «Вань, а ў нас жа лепш».

На адкрыцці аўтар рок-н-роліў, няшмат беларускіх мастакоў здольныя выклікаць такі ажыятаж.

Наведвальнікі абклалі аўтара кветкамі і выцягнуліся ў доўгую чаргу па подпіс альбома «Валянцін Губараў», што быў прэзентаваны тут жа падчас афіцыйнай часткі.

Сюжэты Валянціна Губарава традыцыйна паказваюць прыземленую штодзённасць савецкай альбо постсавецкай прасторы, дзе акружаныя непрыглядным побытам персанажы часта цягнуцца да вышэйшых катэгорый.

«У мяне была работа «Усё праходзіць»: вёсачка такая, а там жанчына ідзе з забітай курыцай. Здавалася б, безвыходнасць, а адзін глядач сказаў: «Не, тут ёсць надзея». Ён убачыў яе ў кавалачку неба. Я падумаў, які малайчына, я і хацеў паказаць, што надзея ёсць. Як правіла, калі людзі выказваюць сваё бачанне, яны ўсё разумеюць, як ёсць. З замежнікамі цяжэй, ім у першую чаргу падабаецца, што гэта нейкая індывідуальная мова. Помню, у Францыі я выстаўляў работу пра ўраджай: мужыкі едуць у горад і вязуць вялікую моркву, а на гэтай моркве сядзяць тры жанчыны. Мяне адзін француз адвёў у бок і спытаў: «Я правільна зразумеў, што гэта алегорыя параду на Краснай плошчы, вязуць ракеты SS-20?». Мне не хацелася забіваць гэтую фантазію, і я пацвердзіў, што гэта так».

Азначэнне «беларускі Брэйгель» пайшло якраз з Францыі: пад такой назвай некалі выйшаў прысвечаны Губараву артыкул у адным з французскіх медыя. Мастак расказаў пра гэта журналістам у Беларусі, і назва прыжылася.

Выстава «Вялікія мары маленькіх людзей» будзе працаваць да 18 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?