Аўстрыйскае агенцтва друку (APA) са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што краіны Еўрасаюза ўзгаднілі санкцыі супраць Беларусі ў нафтагазавай сферы, галінах тэлекамунікацый і вытворчасці калійных угнаенняў. Таксама ўзгодненая забарона на выдачу Беларусі крэдытаў, гандаль каштоўнымі паперамі і інвестыцыйныя паслугі.

Упершыню супраць Беларусі будуць уведзеныя сектаральныя санкцыі. Раней абмежавальныя меры ЕС насілі пераважна сімвалічны характар візавых санкцый.

Адносіны Беларусі і краін Еўрасаюза рэзка пагоршалі пасля выбараў 2020 года, якія суправаджаліся арыштамі спачатку палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, а пасля і дэманстрантаў, якія патрабавалі расследавання выбарчых фальсіфікацый. 

У Беларусі нарастала антызаходняя прапаганда, а некаторых палітычных праціўнікаў уладаў, якія знайшлі прытулак у краінах ЕС, Мінск абвясціў тэрарыстамі.

Адносіны Беларусі з краінамі ЕС дасягнулі найніжэйшага пункту пасля забароны партала Tut.by 18 мая і пасадкі самалёта кампаніі «Раянэйр» у Мінску 23 мая. У Еўропе гэты інцыдэнт назвалі «актам дзяржаўнага тэрарызму» і паабяцалі хуткі і строгі адказ.

Мінск пагражаў адказаць эканамічнымі мерамі супраць еўрапейскага бізнэсу. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей таксама намякаў, што пад ударам акажацца грамадзянская супольнасць Беларусі і заклікаў Захад «адумацца».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?