40-гадовага Цімура Газізава затрымалі 16 чэрвеня на прэм'еры спектакля Аксаны Зарэцкай. 18 чэрвеня яго справу разгледзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Актывіста, як і астатніх гледачоў, абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі РУУСа па арт. 24.3 КаАП, але першапачаткова іх затрымалі па арт. 24.23 КаАП. Цімур сваю віну адмаўляе.

Па словах Газізава, ён ішоў на сустрэчу да сваёй знаёмай на Рэвалюцыйную, 7А на прагляд спектакля. Пасля таго, як ён падняўся на другі паверх, ён убачыў вялікую колькасць людзей. Невядомыя ў цывільным адразу яму сказалі стаць да сцяны разам з астатнімі і забралі ўсю тэхніку ў прысутных. Актывіст сцвярджае, што непадпарадкавання ён не аказваў і ішоў у РУУС дабравольна.

Усе хадайніцтвы ад адваката і Цімура суддзя Карсюк адхіліў. У выніку, суддзя пастанавіў арыштаваць мужчыну на 15 сутак.