Акрамя Кастусёва абвінавачанымі ў справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» зьяўляюцца Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч ды яшчэ шасьцёра асобаў.

«11 чэрвеня мне ўручылі пастанову Генэральнай пракуратуры аб працягненьні расьсьледаваньня яшчэ на 4 месяцы, да 12 кастрычніка 2021 году», — напісаў у допісе палітык.

Меру стрыманьня яму пакінулі бязь зьменаў: на гэты час ён застаецца пад вартаю.

«Ня ведаю, што ім трэба, бо буду ў рэжыме чаканьня проста сядзець», — абураецца Кастусёў. — Баяцца, што я зьбягу за мяжу, або паўплываю на хаду сьледзтва. Абсурд ды і толькі. Ня ведаю, што яны хочуць зьмяніць, бо віны ў змове я не прызнаю. БТ інтэрвію не даваў».

Дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі ў эфіры фрагмэнты апэратыўнай здымкі, на якіх Кастусёў нібыта прызнаваў віну.

У ранейшым лістах Рыгор Кастусёў пісаў, што ў расьсьледаваньні справы «няма ніякіх зрухаў, усё заціхла».

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. У ягонай кватэры дзеці прыкметаў ператрусу не заўважылі. На стале ляжала цыдулка з імёнамі, як яны мяркуюць, тых, хто яго затрымліваў.

У той жа дзень дачцэ Галіне сьледчы паведаміў, што бацька ў Менску. 13 красавіка на лецішчы Галіны і ейнага мужа Дзьмітрыя апэратыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. У гэтым доме ладзіліся розныя імпрэзы з удзелам вядомых у Беларусі дзеячаў культуры і палітыкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?