Сустрэчы прайшлі ў Люксембургу ў нядзелю ўвечары. Ціханоўская падзякавала міністрам за адзіную, выразную і моцную пазіцыю і за тое, што ўсе 27 краін ЕС падтрымалі 4-ы пакет санкцый.

Ціханоўская падзякавала міністру замежных спраў Люксембурга Жану Асельборну за непрызнанне Лукашэнкі і адмову амбасадара ўручаць яму даверчую грамату. У сваю чаргу міністр запэўніў Ціханоўскую ў адназначнай падтрымцы беларусаў і ўсёабдымнага плана эканамічнай дапамогі Беларусі.

У размове з міністаркай замежных спраў Бельгіі Сафі Вільмес Ціханоўская ўзняла пытанне больш эфектыўных санкцый.

Кіраўніка МЗС Славеніі Анжэ Лагара Ціханоўская заклікала паставіць Беларусь на парадак дня ў ЕС, «бо дэмакратыя ў Беларусі можа стаць агульнай гісторыяй поспеху ЕС». Таксама яны абмеркавалі ўдзел Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства — Беларусь могуць прадстаўляць дэмакратычныя сілы.

Ціханоўская: «Беларусь аб'ядноўвае саміх беларусаў і ўсю Еўропу. Усе 27 краін ЕС у адзін голас кажуць, што трэба вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары. Я рада, што ў нас столькі сяброў».

Сёння Святлана Ціханоўская выступіць перад міністрамі замежных спраў ЕС са зваротам. Яна адкажа на іх пытанні, пасля чаго МЗС павінны прыняць рашэнне па санкцыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0