Фота: facebook.com/volha.babkova

Назва праекта — «У агні вайны. Гісторыі старой таполі». Ён прысвечаны 80-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, які Янка Купала адчуў на сябе:

аб'ектам першых, чэрвеньскіх бамбардзіровак Мінска стаў, у тым ліку, раён, дзе жыў паэт. Дамы былі разбураныя дашчэнту.

«Усё, што засталося ад даваеннага быту, паглынула зямля, і аддала толькі цяпер», — піша Севярынец.

Чалавека, які вярнуў гэтыя прадметы, клічуць Павел Каралёў.

Менавіта ён ратаваў ад знішчэння помнікі на Вайсковых могілках. Дзякуючы яго настойлівасці ў парку імя Янкі Купалы захаваліся падмуркі дома Луцкевічаў.

Летась, калі экскаватары раскопвалі парк, гэты краязнаўца і супрацоўнік купалаўскага музея адправіўся ў падарожжа па ім. Цяпер жа Каралёў прапанаваў прадставіць знаходкі ў музеі.

«На выставе сотні прадметаў, які я знайшоў у парку імя Купалы, у скверы Марата Казея і ля Опернага тэатра, дзе раней была Траецкая гара, — кажа Каралёў «Нашай Ніве». — Ёсць геральдычная кафля 17 стагоддзя — праўда, пакуль не атрымалася высветліць герб. Але 17 стагоддзе рэдка сустракаецца».

Таксама на выставе прадстаўлены рэчы, знойдзеныя побач з падмуркам купалавага дома. «Існуе пэўная доля верагоднасці, што яны належалі паэту».

Не ўсе з іх знайшоў Павел — ёсць прадметы і з музейных фондаў.

«Выстаўлены кубачак, знойдзены на папялішчы купалавага дома. Калісьці яго пазнала Уладзіслава Луцэвіч, удава творцы: карысталася ім да вайны. Убачыла і расхвалявалася да слёз».

Сярод іншых прадметаў — кафля 18, 19 і пачатку 20 стагоддзя, гільзы, фрагменты чарапіцы з надпісам «Менск» («мабыць, быў завод, які іх рабіў», — каментуе Каралёў), гліняная цацка 19 стагоддзя, попельніца ў выглядзе каня, бутэлечкі, посуд з Траецкай гары (там ладзіўся Траецкі кірмаш)

Павел Каралёў імкнуўся не толькі прадставіць даваенны побыт. На выставе музей паказвае даваенны час праз Янку Купалу і яго суседзяў, жыхароў таго знішчанага раёна. Напрыклад,

да вайны там жыў доктар Стэфан Луцкевіч, брат Івана ды Антона, якія стаялі ля вытокаў «Нашай Нівы» ды і наогул нацыянальнага адраджэння. Калі Купала паспрабаваў здзейсніць самагубства, Стэфан быў першым каля яго.

«Ля падмуркаў дома Луцкевічаў я знайшоў медыцынскія коўбы. Прычым, толькі там, нідзе больш. Дзве коўбы былі цалкам цэлыя. Так і хочацца спадзявацца, што яны належалі Стэфану.

«У пэўным сэнсе гэта выстава складзена з сотні прадметаў. Але галоўнае ўражанне яны ствараюць не паасобку, а комплексам», — падагульняе Каралёў.

Пабачыць іх у музеі можна да 24 ліпеня 2021 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?