«У другой палове чэрвеня ўмовы надвор'я ў Беларусі знаходзіліся пад уплывам заходнееўрапейскага антыцыклону, цэнтр якога ссоўваўся на еўрапейскую тэрыторыю Расеі. Знаходзячыся на перыферыі дадзенага антыцыклону, усталявалася паўднёвая цыркуляцыя перамяшчэння паветраных мас, і ў нашу краіну на працягу гэтага тыдня (21—25 чэрвеня) паступала гарачае паветра субтрапічнага паходжання. З прычыны чаго назіралася вельмі гарачае надвор'е, з тэмпературай +30 градусаў і вышэй, а па паўднёвым усходзе краіны +35+37 градусаў», — тлумачаць анамальную спёку спецыялісты. 

Найгарачэй было ў Гомельскай вобласці.

«На гэты момант мы адзначаем інтэнсіўную хвалю цяпла, якая дасягнула найбольшага развіцця па ўсходняй палове краіны, дзе і былі зарэгістраваныя найбольшыя тэмпературы паветра, максімальныя значэнні якіх традыцыйна адзначаюцца ў Гомельскай вобласці. Найбольшае значэнне па тэрыторыі Беларусі адзначана там жа ў пасёлку Акцябрскі 23 чэрвеня і склала +37,1 ºС», — адказвае Белгідрамет.

Але ж чаму сёлета менавіта Акцябрскі быў самым гарачым месцам краіны? 

Насамрэч, канкрэтнага адказу на гэтае пытанне няма, падкрэсліваюць спецыялісты.

«У паўднёвых рэгіёны Беларусі заўсёды адзначаецца больш высокая тэмпература паветра. Нельга назваць нейкі асаблівы фактар, які паўплываў на тое, што ў Акцябрскім было гарачэй за іншыя гарады і мястэчкі. Гістарычны максімум тэмпературы паветра для гэтага пункта назірання складае + 37,9 ºС і быў адзначаны 7 жніўня 2010 года падчас самай інтэнсіўнай хвалі цяпла на тэрыторыі Беларусі за ўсю гісторыю назіранняў. Але гэты пасёлак не з'яўляецца абсалютным тэмпературным рэкардсменам у нашай краіне. Найбольшае зарэгістраванае значэнне тэмпературы паветра Беларусі (+38,9 ºС) было адзначана ў Гомелі 8 жніўня 2010 года. 

Таму, можа быць, на сёлетнія паказчыкі тэмпературы з Акцябрскага магло паўплываць месцазнаходжанне метэастанцыі, якая стаіць дастаткова нізка — адпаведна, магчыма, у гэтым месцы проста было менш ветра, што і прывяло да больш высокіх тэмпературных паказчыкаў. Але, падкрэслім, гэта толькі версія», — кажуць у прэс-службе Бегідрамета.

Пакуль спёка адыдзе — але, магчыма, вернецца.

«У бліжэйшы перыяд часу, 26—29 чэрвеня, чакаецца паслабленне спякоты. Аднак варта памятаць, што самы гарачы месяц у годзе — гэта ліпень, а гарачыя і вельмі гарачыя дні могуць назіраць на працягу любога месяца каляндарнага лета. Белгідрамет з максімальна магчымай своечасовасцю папярэдзіць аб такіх чаканых з’явах», — кажуць спецыялісты. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0