Клеткі правялі на МКС 22 дні, пасля чаго іх вярнулі на зямлю — і біенне ўсё яшчэ працягвалася. Гэты эксперымент прынёс шмат карыснай інфармацыі, якая можа дапамагчы пацыентам з хваробамі сэрца. Ім была прысвечаная нядаўняя панэльная дыскусія паміж астранаўткай Джэсікай Мэйр і амерыканскімі навукоўцамі, пра якую піша CNN.

У эксперыменце, пра які ідзе гаворка, удзельнічалі сардэчныя клеткі пад назвай кардыёміяцыты, вырашчаныя з плурыпатэнтных ствалавых клетак. Такі тып ствалавых клетак навукоўцы лічаць ідэальным, бо іх можна ператварыць у клеткі самых розных тыпаў, у тым ліку і ў здаровыя сардэчныя клеткі для пацыентаў з хваробамі сэрца.

У сваю чаргу, сардэчныя клеткі могуць дапамагчы ў лячэнні хвароб сэрца як у выпадку з дзецьмі, так і з дарослымі. Яны паляпшаюць здольнасць сэрца да рэгенерацыі, а таксама спрыяюць большай эфектыўнасці традыцыйных метадаў лячэння. Але, каб аднавіць пашкоджанае сэрца, трэба вельмі шмат кардыёміяцытаў. Навукоўцы называюць лічбу як мінімум у мільярд клетак на аднаго пацыента.

Выявілася, што ў космасе ствалавыя клеткі растуць хутчэй, чым на Зямлі. Больш за тое, калі змясціць клеткі, якія знаходзяцца на Зямлі, ва ўмовы мінімальнай гравітацыі, клеткі таксама растуць больш хутка. Можна спадзявацца, што дзякуючы гэтаму навукоўцы здолеюць вырабіць мноства здаровых кардыёміяцытаў для людзей з хваробамі сэрца, у тым ліку і вырасціць для пацыентаў з пашкоджаным сэрцам яго фрагменты з уласных клетак гэтых пацыентаў.

Таксама даследаванне «касмічных» кардыёміяцытаў можа дапамагчы навукоўцам лепш зразумець механіку здаровага сэрца і працэс старэння. На такіх клетках можна будзе выпрабоўваць лекі або іншыя метады лячэння, каб не падвяргаць небяспецы пацыента, каму гэтыя клеткі належаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0