Фота: ФК «Шахцёр».

«Наша Ніва» і Букмекерская кантора Марафон — на варце ўсіх цікавостак чэмпіянату Беларусі па футболе. 

Цяпер БАТЭ і «Шахцёр» раздзяляюць пяць балаў, але матчы наступных двух тураў каманда-лідар будзе гуляць пазней — хадайніцтва аб пераносе матчаў «Шахцёра» было задаволена ў АБФФ. Таму па выніках 16 тура на версе табліцы можа аказацца БАТЭ, хаця лідарамі па страчаных балах усё роўна застануцца салігорцы.

Вось усе вынікі мінулага тура:

  • «Смаргонь» — «Гомель» 1:2 (22, С. Бандарэнка — 54, Ал. Васільеў; 60, Васькоў)
  • «Славія» — «Энергетык-БДУ» 2:3 (45 (п), Нарх; 90, Слюсар — 50, М. Дыяло; 61 (аг), Паўлючак; 76, Папарыга)
  • «Шахцёр» — «Дынама-Брэст» 1:1 (18, Ахмедзі — 71, Беленькі)
  • «Іслач» — «Мінск» 1:1 (32, Патоцкі — 23, Багамольскі)
  • «Рух» — «Слуцк» 1:0 (63, Лапцеў)
  • БАТЭ — «Тарпеда-БелАЗ» 3:0 (26, Няхайчык; 55, Сігневіч; 90+2, Скавыш)
  • «Спадарожнік» — «Віцебск» 4:3 (64, 69, Козел; 73, Канцадайлаў; 90+4, Вараб’ёў — 27, Ксенафонтаў; 32, Расадкін; 48, Жуліа Сэзар)
  • «Нёман» — «Дынама-Мінск» 1:2 (80, Грыбоўскі — 7, 17, Пуціла)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

У Рэчыцы прайшоў матч з кінематаграфічным сюжэтам. «Віцебск» спакойна выйграваў з больш чым камфортным лікам 3:0, але ў сярэдзіне другога тайма нешта зламалася і «Спадарожнік» змог не толькі адгуляцца, але і на апошніх хвілінах вырваў перамогу. Прычым вырашальны мяч забіў 17-гадовы дэбютант каманды Даніла Вараб’ёў. Такая вось казка для каманды-аўтсайдара.

З астатніх матчаў варта адзначыць пятую перамогу ў шасці апошніх матчах у «Энергетыка» і ўпэўненую перамогу БАТЭ ў суседскім дэрбі.

А цяпер да матчаў 15 тура, які пройдзе ў скарочаным фармаце.

«Мінск» — «Смаргонь»

Пасля сенсацыйнай перамогі канкурэнтаў за выжыванне ў Рэчыцы «Смаргонь» зноў апынулася на апошнім радку турнірнай табліцы. З вялікай імавернасцю першую палову сезону смаргонцы там жа і скончаць.

Пасля будзе трохі часу, каб прааналізаваць праблемныя месцы і паспрабаваць пазмагацца за захаванне месца ў вышэйшай лізе. Тым больш ад зоны выратавання «Смаргонь» аддзяляе адна перамога.

Што тычыцца «Мінска», то іх вундэркінд Кірыл Зіновіч усё ж перайшоў у «Лакаматыў». У расійскім топ-клубе стала больш на яшчэ аднаго беларуса.

Фота: ФК «Лакаматыў».

«Слуцк» — «Спадарожнік»

Летась першая палова сезона для «Слуцка» была вельмі яркай: сусветная папулярнасць, перамогі над мінскім «Дынама» і «Шахцёрам» — але першы круг случчакі скончылі на дванаццатым радку за 18 баламі.

Сёлета «Слуцк» круг скончыць не вышэй за той жа дванаццаты радок, але вынікі куды сціплейшыя, чым год таму: толькі дзве перамогі, без сенсацый і хайпу. Ёсць неблагі шанец папоўніць скарбонку трыма баламі ў матчы са «Спадарожнікам», але трэба мець на ўвазе іх мінулы суперкамбэк.

«Энергетык-БДУ» — «Іслач»

«Энергетык» заўжды пачынаў падрыхтоўку да сезону ледзь не ў снежні, каб ўжо са старту быць у выдатнай форме. Пачатак гэтага чэмпіянату не атрымаўся ў «студэнтаў», але бліжэй да лета мінчукі пачалі набіраць балы і штампаваць перамогі. 

У выпадку вікторыі над «Іслаччу», у якой працягваецца крызіс — сем тураў без перамог, «Энергетык» можа ўскочыць ажно на шосты радок. Неблагі вынік для каманды, у якой да 10 тура была ўсяго адна перамога.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман»

Для трэцяй і пятай каманд мінулага чэмпіянату гэты сезон складваецца больш чым няўдала. Калі ў жодзінцаў ёсць шанец яшчэ стварыць сенсацыю ў еўракубках, то «Нёман», магчыма, будзе ладзіць летам перабудову.

Кіраўніцтва гродзенскага клуба давярае Ігару Кавалевічу, таму будзем назіраць, як спецыяліст будзе выходзіць з сітуацыі.

«Віцебск» — БАТЭ

Каб паспрабаваць загладзіць віну перад заўзятарамі за канфуз у Рэчыцы, «Віцебск» зрабіў бясплатным уваход на гульню з БАТЭ. А ўсе выдаткі на квіткі пакрыюць футбалісты каманды.

БАТЭ, які накрыла эпідэмія траўмаў, узяў у арэнду Валерыя Грамыку. У маладога паўабаронцы не атрымалася замацавацца ў тульскім «Арсенале», а ў БАТЭ Грамыка здольны паказаць усе свае найлепшыя якасці. Тым больш месца ў складзе яму павінна быць гарантавана.

Фота: ФК БАТЭ.

«Дынама-Мінск» — «Славія»

За 14 тураў мазырская каманда забіла 16 мячоў. Гэта больш, чым у «Слуцка», «Тарпеда-БелАЗ» і нават брэсцкага «Дынама» на сёмым месцы. Але з-за слабейшай абароны «Славія» пакуль толькі трынаццатая. Магчыма, у гэтым кірунку трэба папрацаваць летам кіраўніцтву, каб выправіць сітуацыю. 

З улікам таго што «Гомель» свой матч згуляе пазней, а ў брэсцкім дэрбі «Рух» можа страціць балы, мінскае «Дынама» можа зноў вярнуцца на трэці радок. Што будзе неблагім прамежкавым дасягненнем для Арцёма Чалядзінскага і падставай для таго, каб пакінуць яго без прыстаўкі «выканавец абавязкаў».

«Дынама-Брэст» — «Рух»

За зіму ў Брэсце ўсё перакруцілася: вялікая частка гульцоў «Дынама» стала футбалістамі «Руха», а ад старой каманды застаўся хіба што галоўны трэнер Сяргей Кавальчук.

Але «Дынама» варта пахваліць: доўгі час менавіта «бела-сінія» трымалі статус першай брэсцкай каманды і не згубілі заўзятарскай падтрымкі простых берасцейцаў. 

Матч тура павінен быць яркім, можам спрагназаваць вялікую колькасць забітых мячоў.

Матч «Гомель» — «Шахцёр» перанесены. Калі ён адбудзецца, пакуль невядома.

Букмекерская кантора Марафон прапануе новым кліентам БОНУС 10 руб «Бяспройгрышная першая стаўка» па промакоду 10BYN пры рэгicтрацыi на сайце marathonbet.by.

Гэта выдатная магчымасць зрабіць прагляд матча любiмай каманды яшчэ больш захапляльным! Усе дэталі бонуснай прапановы чытайце тут.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?