Прызнакі таго, што чалавеку пагражае інсульт, можна выявіць за шмат гадоў да надыходу гэтага стану. Пра гэта сведчыць новая праца нідэрландскіх навукоўцаў.

Эксперты з медыцынскага цэнтра Універсітэта Эразмус у Ратэрдаме назіралі за 14712 удзельнікамі даследавання, старэйшымі за 45 гадоў, на працягу ў сярэднім 12,5 гадоў. У пачатку назірання ўдзельнікі прайшлі праз шэраг тэстаў фізічных і ментальных здольнасцей, кожныя некалькі гадоў тэсты паўтараліся. Яны ўключалі ў сябе праверку памяці, маўлення і хуткасці рэакцыі, а таксама таго, як удзельнікі спраўляюцца з бытавымі справамі накшталт прыбірання і кантролю фінансаў, піша Daily Mail.

Падчас назірання 1662 удзельнікі перажылі першы ў іх жыцці інсульт, іх сярэдні ўзрост пры гэтым склаў 80 гадоў. Пры гэтым вынікі тэстаў у гэтых людзей пачалі горшаць за шмат гадоў да хваробы — у некаторых выпадках за дзесяць гадоў. За два-тры гады да хваробы ў будучых інсультных пацыентаў таксама пачала зніжацца здольнасць выконваць бытавыя справы.

Згодна з даследаваннем, больш за ўсё да інсульту схільныя пацыенты жаночага полу, а таксама людзі з нізкім узроўнем адукацыі і тыя, хто мае ген APOE — лічыцца, што ён іграе важную ролю ў развіцці хваробы Альцгеймера. Таксама навукоўцы лічаць, што такія адхіленні ў паказчыках сведчаць і пра наяўнасць фізічных пашкоджанняў мозга, напрыклад, пра пашкоджанні мелкіх сасудаў, дэгенерацыю нервовай тканкі і запаленне.

Вынікі працы дазволяць медыкам прапанаваць спецыяльныя меры прафілактыкі тым пацыентам, хто рызыкуе атрымаць інсульт. Размова можа ісці пра пераход да больш здаровага ладу жыцця або пра выпрабаванні новых лекаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0