Па якім прынцыпе Бабарыка, сярод шасці беларускіх калоній узмоцненага рэжыму, адправіўся менавіта туды, сказаць цяжка. Выглядае, рашэнне прымалася ў індывідуальным парадку. 

У любым разе калоніі маюць профілі. Наваполацкая вядомая тым, што прымае толькі «першаходаў» — людзей, якія адбываюць пакаранне ўпершыню. 

Калонія №1 «новая». Раней пад Наваполацкам ужо была папраўчая калонія №10, але яе закрылі, і на месцы былога ЛПП, ужо ў самім горадзе, у 2017-м адкрылі калонію №1, якая разлічана прыкладна на паўтары тысячы чалавек. 

Ілюстратыўны скрыншот з відэа пра папраўчую калонію №10, якая раней была ў Наваполацку

Ілюстратыўны скрыншот з відэа пра папраўчую калонію №10, якая раней была ў Наваполацку

І ў выбары месца першая адметнасць калоніі. Яна знаходзіцца ў горадзе проста паміж двума хімічнымі заводамі: «Нафтанам» і «Палімірам». Экалогія месца кепская. Былыя вязні кажуць, што на тэрыторыю калоніі часта «заходзяць дымы», ад чаго асабліва моцна пакутуюць людзі з хворымі лёгкімі. 

Агулам вязні там жывуць у казарменных умовах, спяць на двухпавярховых ложках — «пальмах». 

Другая адметнасць калоніі, якую падкрэсліваюць людзі, якія пабачылі такія ўстановы і розніцу між імі, у тым, што ў адносінах між зняволенымі і адміністрацыяй усё ў край зарэгламентавана нормамі, і ніякіх паслабленняў, выкліканых чалавечымі пачуццямі, чакаць не выпадае. 

«У калоніях ўсталяваны ўнутраны распарадак, якім кіруюцца ўсе асуджаныя: пад'ём, запраўка ложкаў, сняданак і гэтак далей. Калі ў іншых папраўчых калоніях дапушчальна без рэакцыі з боку адміністрацыі адхіліцца ад распарадку і, напрыклад, не пайсці на сняданак, ці аддаць свой іншаму чалавеку, ці прысесці на спальнае месца цягам дня і гэтак далей, то ў ПК №1 гэта выключана.

Першы раз — вымова, другі раз — памяшканне камернага тыпу, потым штрафны ізалятар. Шкадавання не бывае, усё строга па законе, многія праз гэта праходзяць», — кажуць тыя, хто прайшоў калонію.

ПКТ азначае «памяшканне камернага тыпу», на турэмным слэнгу «БУР» — «барак узмоцненага рэжыму». Фізічна гэта як асобная камера, але з шэрагам абмежаванняў: бандэроль раз на паўгады, прагулка трыццаць хвілін, магчымасць закупіцца толькі на адну базавую раз на месяц і гэтак далей. ПКТ даецца адразу на вялікі тэрмін, на месяцы. 

ШІЗА — гэта штрафны ізалятар унутры самой калоніі. Там забаронена ўжо ўсё: спатканні, трата грошай, пасылкі, лісты і гэтак далей. 

Траплянне зняволенага ў ПКТ ці ШІЗА ў тэорыі можа пацягнуць прымяненне 411 артыкула Крымінальнага кодэкса: «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», па першай частцы якога зняволенаму можна «дакінуць» яшчэ да года пазбаўлення волі.

«Узмоцнены» рэжым, да якога прысудзілі Віктара Бабарыку, на практыцы будзе азначаць для яго ў тым ліку зменшаную колькасць спатканняў і перадач.

Апроч Бабарыкі, згодна з сайтам «Вясны», у калоніі №1 цяпер адбываюць пакаранне 23 палітвязні, сярод якіх былы ваенны Дзяніс Урад і блогер Аляксандр Кабанаў. 
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0