Абвінавачанымі праходзяць: студэнты БДУ Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Таццяна Якельчык, Ілля Трахтэнберг, студэнткі БДПУ Яна Арбейка і Кася Будзько, адлічаныя з БНТУ Вікторыя Гранкоўская і Анастасія Булыбенка, студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік, студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер, выкладчыца БДУІР Вольга Філатчэнкава і выпускніца БДМУ, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, Алана Гебрэмарыям. Усіх вінавацяць па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парад, або ўдзел у іх).

Пракурор запатрабаваў асудзіць усіх на рэальныя тэрміны: адзінаццаці фігурантам прызначыць па 2,5 гады калоніі, а Глебу Фіцнэру, адзінаму, хто прызнаў віну і супрацоўнічаў са следствам, прысудзіць 2 гады зняволення.

У сваім апошнім слове Глеб Фіцнэр абмежаваўся словамі, што ён прызнае віну, і папрасіў мяккі прысуд.

Выкладчыца Вольга Філатчанкава выступіла з апошнім словам па-беларуску. Яна падзякавала за падтрымку, сказала, што рада працаваць у адным з найлепшых ВНУ Беларусі. Студэнты, паводле Вольгі, — будучыня нашай краіны і ёй шкада, што яны вымушаныя з'язджаць на час ці нават назаўжды. 

«Вельмі шкада, што такія таленавітыя і смелыя хлопцы ўжо восем месяцаў правялі ў турме проста за тое, што не пабаяліся прамаўчаць», — сказала Філатчанкава.

Вольга зачытала імёны родных і падзякавала за ўсё, прачытала віншаванне з Днём нараджэння сваёй дачцэ, якая ўвесь гэты час не бачыла яе. Прысутныя ў залі плакалі.

Анастасія Булыбенка сказала, што лета 2020 года падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Яна зачытала прэамбулу Дэкларацыі Правоў Чалавека, нагадала, што мае права на свабоду меркаванняў і перакананняў:

«Я — беларуска. І я маю права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Карыстаючыся гэтым правам, я ніколі не выходзіла за рамкі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. І я не злачынца!»

Яна кажа, што ёй усяго 19 гадоў, але ёсць рэчы, для разумення якіх узрост не важны:

«Я выйшла не супраць улады, я выйшла супраць гвалту. Я ведаю, што ўсё зрабіла правільна. Мне балюча, але ўжо не страшна. Мы будучыня, пакаленне талерантнасці і свабоды. Мы — гэта будучыня».

Дзяўчына звярнулася да мамы. Падзякавала яе і сказала, што тая зрабіла ўсё правільна.

Пра тое, што за студэнтамі будучыня, ў сваёй прамове сказала і Таццяна Якельчык:

«Усе апісаныя і не апісаныя ў абвінавачванні дзеянні я рабіла згодна са сваімі сумленнем, неабыякавасцю і спагадай. Гэтыя ўчынкі не злачынныя. Ніколі сваімі дзеяннямі я не парушала заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На лаве падсудных цяпер сядзяць вельмі таленавітыя і разумныя маладыя людзі. Яны ёсць і могуць стаць высакакласнымі спецыялістамі. За намі будучыня нашай краіны. Таму я прашу суд не пазбаўляць нас свабоды, даць магчымасць працягнуць атрыманне вышэйшай адукацыі. І я прашу вынесці апраўдальны прысуд».

Кася Будзько пахваліла абвінавачаных за тое, што ўсе годна праз гэта праходзяць. Распавяла, што зразумела, колькі праблем ёсць у нашай краіне, але яна любіць Беларусь, нягледзячы на восем месяцаў, якія правяла ў турме. Падзякавала сябрам і сям’і, пажадала сілаў «змоўшчыкам». Да суда ў сваёй прамове дзяўчына не звярталася ўвогуле.

«Прасцей называць людзей злачынцамі, чым сапраўды вырашаць праблемы», — сказала дзяўчына.

Маша Калейнік гаварыла вельмі ціха, але ўпэўнена. Дзяўчына таксама не звярталася да суддзі. Яна падзякавала блізкім, што выхавалі яе такой. Падзякавала студэнтам Акадэміі мастацтваў, валанцёрам і ўсім, хто ёй пісаў.

Яна Арабейка хвалявалася, нават трохі дрыжаў голас. Але спрабавала пасміхацца.

Павіншавала ўсіх абвінавачаных і прысутных з васьмю месяцамі зняволення.

«Кожнаму, каго я сустрэла, я ўдзячная, і гэтыя восем месяцаў не змаглі мяне пераканаць у супрацьлеглым. І таму апошнім маім словам будзе «свабода», — сказала дзяўчына.

Ілля Трахтэнберг падкрэсліў, што не згодны з абвінавачваннем. Нагадаў аб прэзумпцыі невінаватасці і аб тым, што ён не павінен апраўдвацца, а следства павінна даказваць ягоную віну, што ў абвінавачваннях шмат працэсуальных парушэнняў. Хлопец перакананы, што гэта справа палітычна матываваная.

«Ды і наогул я не івэнт-агенцтва, каб нешта арганізоўваць, — нават жартаваў Ілля. — Бок абвінавачвання хоча пакараць мяне нейкімі абстрактнымі абвінавачваннямі і пазбавіць мяне волі на два з паловай гады. Самае відавочнае тлумачэнне такога абвінавачвання — задушыць пратэстны рух ва ўніверсітэтах. Высокі суд, у мяне ёсць свае перакананні, пра вернасць якіх я разважаць не буду. Я застануся вольным чалавекам, таму што я здольны самастойна думаць і прымаць рашэнні».

Астатнім фігурантам справы Ілля пажадаў выбрацца з сітуацыі, закладнікам якой яны сталі, сказаў, што ад суда чакае толькі аднаго: узважанага і аб'ектыўнага рашэння. Хлопец падзякаваў ўсім за падтрымку, сказаў, што з ёй было лягчэй.

Алана Гебрамарыям заявіла, што ніколі не хлусіла і не хавалася, што заўсёды была пад сваім імем і паступала па сумленні:

«Для мяне важна заставацца чалавекам у любых сітуацыях. Я не шкадую, што не хлушу і не крывадушніча перад сабой і іншымі»

Алана адзначыла, што відэа Каардынацыйнай Рады было знята пазней, чым усё, што ей інкрымінуецца, і яно не магло падштурхнуць каго-то да нейкіх дзеянняў. Закон павінен дзейнічаць для ўсіх, а інакш гэта самавольства, падкрэсліла яна.

Гебрамарыям сказала, што не вінаватая і папрасіла апраўдальны прысуд, адзначыла, што іншыя абвінавачаныя таксама не злачынцы. Падзякавала блізкім і папрасіла ў іх прабачэння.

«Я ганаруся, што я беларуска», — сказала яна.

Ксенія Сырамалот падзякавала сям’і, папрасіла іх берагчы сябе. Распавяла, што ганарыцца сваімі бацькамі і тым, як яны яе выхавалі. Дзяўчына адзначыла слабасць абвінавачванняў і задала пытанне: ці злачынна спасылацца на Канстытуцыю і Этычны кодэкс БДУ?

«Калі вы, высокі суд, і Рэспубліка Беларусь у цэлым, якую вы прадстаўляеце, лічыце, што злачынна выконваць Канстытуцыю, што злачынна быць чалавекам, то я зразумею любы прысуд!» — сказала Ксенія.

Вікторыя Гранкоўская таксама падзякавала сям'і, сябрам, родным. Дзяўчына вельмі хвалявалася і прамаўляла з паўзамі.

«Хачу, каб вы не толькі паслухалі, але і пачулі, што я і хлопцы хочам да вас данесці. Я ў жніўні 2020 баялася і перажывала за сваё і чужыя жыцці. Бабуля вучыла, што нельга трываць гвалт у сям'і. Беларусь — гэта дом, беларусы — адна вялікая сям'я. Я не мірылася і не буду мірыцца з гвалтам», — сказала Вікторыя.

Дзяўчына падкрэсліла, што нікога ні да чаго не заклікала, падахвоцілася толькі быць пасярэднікам паміж студэнтамі і адміністрацыяй, бо хацела рабіць тое, што ў яе сілах.

Ягор Канецкі адмовіўся ад апошняга слова. Прысуд будзе агучаны 16 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0