Пагром у доме за лісты палітвязням

8 ліпеня быў затрыманы валанцёр з Гомеля Ілля Міронаў, пасля выбараў ён напісаў палітвязням каля дзвюх тысяч лістоў. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» ён расказваў, што меў добрую працу ў Польшчы, але перад выбарамі вярнуўся ў Беларусь: «Гэта быў нейкі парыў: я проста асэнсаваў, што ў гэты час павінен быць дома».

Ілля Міронаў, фота з архіваў героя

Ілля Міронаў, фота з архіваў героя

Ілля стаў часткай так званага «Гомельскага валанцёрскага дзвіжу» пасля таго, як быў арыштаваны на трое трое сутак за тое, што прыйшоў падтрымаць сяброў, якія хацелі баставаць на «Гомсельмашы». Ягоную маці ў той няпросты момант падтрымалі валанцёры — Ілля захацеў аддзячыць і ў выніку далучыўся да іх дзейнасці сам. Ён не толькі пісаў палітвязням лісты, але і дапамагаў з інфармацыяй іх сем’ям, збіраў прадукты і наведваў суды.

Дадому, дзе ён жыве разам з маці, у лютым ужо прыходзілі з ператрусам. Тады ў Міронава забралі тэхніку, карткі і частку лістоў ад палітвязняў, але актывіста не затрымалі. Пасля затрымання 8 ліпеня яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

—У панядзелак, 12 ліпеня, Іллю наведаў адвакат. З яго словаў, Ілля будзе да канца тыдня ў ІЧУ. Нам дагэтуль невядома, у чым яго абвінавачваюць. Ператрус прайшоў, пакуль я была на лецішчы — учынілі сапраўдны пагром. Нават не ведаю да канца, што ў нас забралі: пратакол вобшуку на рукі не далі. Толькі заўважыла, што з майго пакою знікла кніжка аўтарства Валерыя Карбалевіча «Лукашэнка. Палітычны партрэт». Таксама забралі аркушы, на якіх Ілля пісаў заклікі вызваліць канкрэтнага чалавека, іх было шмат. Мяне перапаўняе злосць, а плакаць я з некаторых часоў развучылася»,

— распавяла «Нашай ніве» Валянціна Міронава, маці Іллі.

Выбітыя дзверы і суткі адміністратару суполкі «Лісты салідарнасці»

Яшчэ аднаго валанцёра Сяргея Барысава, які падтрымліваў палітвязняў лістамі, папярэдне затрымалі на пяць сутак за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі: доўга не адчыняў дзверы. У мужчыны таксама правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку.

Сяргей Барысаў. Фота: spring96.org

Сяргей Барысаў. Фота: spring96.org

Барысаў быў адміністратарам суполкі «Лісты салідарнасці» у Фэйсбуку (там амаль чатыры тысячы падпісантаў), але яна захоплена не была: Сяргей загадзя перадаў кіраўніцтва людзям, якія знаходзяцца не ў Беларусі. Таксама ён паспеў паведаміць блізкім, што праходзіць падазраваным па артыкуле 289 КК (акт тэрарызму).

«За апошнія дні ўсё часцей можна пачуць абвінавачванні па артыкулах «тэрарызм» ці «фінансаванне экстрэмісцкіх груповак». У Беларусі зачысцілі амаль усіх актыўных удзельнікаў акцый пратэсту і актывістаў, цяпер прыняліся за тых, хто дапамагае і падтрымлівае зняволеных. Таму гэта напаткала Сяргея і іншых валанцёраў, супрацоўнікаў незалежных СМІ, праваабаронцаў. Галоўная мэта ўлады — зачысціць іншадумцаў і паказаць, што будзе з любым чалавекам, які нават у думках пойдзе супраць», — пракаментавала Марына Касінерава, якая часова ўзяла на сябе функцыі адміна «Лістоў салідарнасці».

Пяць сутак па артыкуле 23.4 КоАП за непадпарадкаванне мінаюць сёння, але блізкія перажываюць, што Сяргей на волю не выйдзе, і пакуль утрымліваюцца ад каментароў.

Затрыманыя актывісты штаба, дзе збіралі перадачы для палітвязняў

Сілавікі ў Мінску прыйшлі ў так званы «штаб валанцёраў»: у ім знаходзіліся прадстаўнікі ініцыятывы «Краіна для жыцця», а таксама звычайныя беларусы, якія па сваёй уласнай ініцыятыве збіралі перадачы з прадуктамі і лекамі для палітвязняў.

Валанцёрам фонду «Краіна для жыцця» Марыне Дуброўскай, Антону Сташэўскаму, Юліі Сырых ужо выставілі абвінавачванне па артыкуле 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Па гэтым жа артыкуле праходзіць валанцёрка Таццяна Астроўская. Чатырох актывістаў, як паведамляюць праваабаронцы, пакуль змясцілі пад варту на два месяцы ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Фота: spring96.org

Фота: spring96.org

Пасля ператрусу на «штаб» відавочцы заўважылі, што частка прадуктаў для перадач знікла.

Валанцёры кажуць, падобныя перашкоды сур’ёзна ўскладняюць працэс дапамогі палітвязням:

— Калі раней можна было спакойна напісаць у любы чат: «Я вось такі, прывязіце вады» — і табе дапамагалі, і было нястрашна, то пасля спачатку з’явіліся закрытыя чаты і ананімнасць, а цяпер увогуле страшна агучваць, што ты валанцёр. Ды і самі людзі баяцца нам дапамагаць, нібыта дапамога — гэта злачынства. Нам звязваюць рукі, і пакуль невядома, як будуць працаваць валанцёры далей. Але я ведаю, што наўпрост зараз яны працягваюць збіраць новыя перадачы, набываць лекі, бо сваіх людзей кідаць нельга. Мы ёсць адзін у аднаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0