Па словах дэпутата, 11 ліпеня ў яго дом кінулі тры бутэлькі з гаручай сумессю, дзве з іх спрацавалі. Алег Гайдукевіч кажа, што падчас здарэння дома быў хтосьці з сям’і.

«Трэцюю бутэльку знайшла мая 8-гадовая дачка падчас агляду месца здарэння — заўважыла хутчэй за следчага. У мяне мяккі дах у доме, бутэлька адскочыла і ўпала на траву. Я не хачу расказваць падрабязнасці, бо гэта можа нашкодзіць следчым дзеянням. Але зламыснікі не ўлічылі, дзе я працаваў шмат гадоў (Гайдукевіч 13 гадоў працаваў у міліцыі, узначальваў Фрунзенскі РАУС Мінска — НН). Упэўнены, злачынства будзе раскрытае. Можа злачынцы думалі, што камер няма? Усё ўбачым, дайце час на следства».

Таксама Гайдукевіч патлумачыў, чаму не апублікаваў фота ці відэа здарэння:

«Я не лічу патрэбным на гэтым піярыцца: выкладваць фота дома ці ката. Дом — гэта святое для кожнага. Я не разумею людзей, якія б выстаўлялі фота, калі ў доме нешта здарылася. Для мяне дом — мая крэпасць. Я прыйшоў з працы, закрыў брамку — і гэта мой свет, я не хачу, каб у гэты свет хтосьці ўлазіў. І калі хтосьці чагосьці ад мяне хоча — дык лавіце мяне каля парламента, я хаджу адзін, без аховы. Але дом мой не чапайце!»

Расказаў палітык і пра стан здароўя свайго ката, раней ён згадваў, што ў жывёлы абгарэў нос.

«Да ветэрынара не вазілі, няма сэнсу. Кот быў увесь у сажы, спачатку думалі штосьці сур’ёзнае. Але пасля адмылі яго, убачылі што трохі абгарэў носік і поўсць на пысе, але страшнага нічога нічога не здарылася. Але ж на месцы ката магло стаяць дзіця! І што няма ахвяр і не згарэў дом — шчаслівая выпадковасць».

Па факце здарэння КДБ завёў крымінальную справу — акт тэрарызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0