Вадзімір Заранкін

Вадзімір Заранкін

«Змяніў тры камеры. Спачатку сядзеў у чатырохмеснай, дзе было 16 чалавек і тэмпература за +40. У камеры ўсе былі ў адной бялізне абсалютна мокрыя, было цяжка дыхаць і проста варушыцца. Потым перавялі ў аднамесны карцар, дзе было яшчэ восем чалавек, адсутнічаў ложак, а на падлозе была плітка. Затым — у іншую чатырохмясцовую камеру, дзе нас было дванаццаць. У рэшце рэшт вярнулі ў першую камеру, дзе было ўжо 18 чалавек.

Перапоўненасць камер такая, што месца хапае роўна на тое, каб усім змясціцца спаць на падлозе. Калі некага вызвалялі, то хутка прыводзілі новых людзей. Пры гэтым, у ЦІП дакладна ёсць пустыя камеры. Бялізну і матрацы не выдаюць, большасць спіць на падлозе, гэта камфортней, чым на жалезных нарах.

Асабістыя рэчы ўзяць з сабой у камеру не дазваляюць, перадачы ад сваякоў прымаюць, але не перадаюць — аддаюць, калі вызваляешся. У выніку амаль усе сядзяць без зменнай бялізны, адзення, зубной шчоткі, ручніка.

За 10 дзён у душ не вадзілі ні разу, мыліся з бутэлек над унітазам. Адбой у 22, пад'ём — а 6-й раніцы, днём ляжаць нельга. Кожную ноч камеру будзяць два разы, у 2 і 4 гадзіны, каб зладзіць пераклічку. Выспацца не ўдаецца, стомленасць назапашваецца.

Аслабляецца імунітэт, многія хварэюць. Я страціў нюх, хоць і вакцынаваны. Пасля выхаду на волю тэст на каранавірус апынуўся станоўчым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0