Таццяна Кузіна — магістр паліталогіі, працавала ў ЕГУ і Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў, адна з заснавальніц Школы маладых менеджараў SYMPA. Яна не палітык, не блогер — займалася экспертнай, даследчай і аналітычнай дзейнасцю. Распрацоўвала канцэпцыю рэформы дзяржаўнага кіравання, аналізавала звароты ў дзяржаўныя органы з сацыялагічнага пункту гледжання. У СМІ Кузіна асабліва не свяцілася. Але ж цяпер праходзіць абвінавачанай па тых жа артыкулах, што Марыя Калеснікава, Максім Знак, «змоўшчыкі» Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч.

Як так выйшла? Паспрабавалі разабрацца разам з юрыстам Андрэем Мачалавым.

«Кузіну абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса. Што гэта можа значыць: хутчэй за ўсё, яна размясціла недзе ў інтэрнэце тыя «заклікі да захопу ўлады» альбо «заклікі да замежнай дзяржавы». Мяркую, што тут могуць разглядацца менавіта дзеянні па частцы 1, бо там такая фармулёўка: «Публічныя заклікі да захопу ўлады… альбо здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». Сярод адвакатаў, гэтая ч. 1 арт. 361 лічыцца максімальна «гумовай», бо калі напісана «іншых дзеянняў», то пад гэта можна падвесці амаль любое выказванне, любое дзеянне. Ці распаўсюд матэрыялаў з такімі заклікамі — банальна рэпост у сацсетках.

Іншыя дзеянні, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, сёння могуць трактавацца вельмі шырока. Узгадаем, што сёння ўжо стрым журналіста прызнаны дзеяннем, якое пагражае нацыянальнай бяспецы. А «заклікі да замежнай дзяржавы» — гэта фармальна нават рэпост чужога паста, у якім чалавек заклікае да санкцый ці ўхваляе іх».

Яшчэ адно абвінавачванне — ч. 1 арт. 357 КК —змова альбо іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

«Гэта не такі «гумовы» артыкул, — кажа Мачалаў. — Так, можна прыцягнуць пад гэта шмат якую дзейнасць, фармальна неўрэгуляваную законам. Але самае папулярнае, што сёння могуць трактаваць як змову — гэта Каардынацыйная рада апазіцыі і яе дзейнасць. Амаль усё, што звязана з Каардынацыйнай радай трактуецца так: КР няма ў Канстытуцыі, адпаведна, гэта неканстытуцыйны ворган, адпаведна, незаконнае фарміраванне, накіраванае на захоп улады. Логіка такая: стварылі штосьці, непрадугледжанае законам, адпаведна, гэта незаконнае фарміраванне».

Ці мае дачыненне Кузіна да Каардынацыйнай рады, невядома, як і тое, ці аказвала яна кансультацыі яе удзельнікам. Але ў так званым пашыраным складзе КР ажно 5,5 тысяч чалавек. Што, кожнага можна прыцягнуць за змову?

«Чыста тэарэтычна — так, — працягвае юрыст. — У сённяшняй рэальнасці я б не здзівіўся. Відавочна, што КР стваралася не з мэтай захопу ўлады, а з мэтай вярнуць сітуацыю ў краіне ў русла законаў. Але прадстаўнікі дзяржаўнай улады лічаць інакш. І выключаць нельга нічога». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0