Калі адсачыць афіцыйную статыстыку, то штодзённая колькасць рэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Беларусі цяпер трымаецца ў адрэзку 600-1000 пацыентаў. Падобныя лічбы, напрыклад, і ва Украіне. На дадзены момант цалкам вакцынавалася амаль 2 мільёны ўкраінцаў, што ў працэнтных суадносінах да колькасці насельніцтва нават горш, чым у Беларусі.
У Расіі вакцынавалася больш за 23 мільёны чалавек, і па тэмпах расіяне абганяюць і нас, і ўкраінцаў: каля 16% прышчэпленага насельніцтва супраць прыблізна 6% ва Украіне і 9% у нас.
На гэтым фоне, канечне, зусім сумна выглядаюць лічбы з працэнтам вакцынаваных у Арменіі — каля 2%, згодна з апошнімі дадзенымі, ці Грузіі (каля 4%). Пры гэтым у большасці еўрапейскіх краін лік вакцынаваных набліжаецца да паловы дарослых. У ЕС першую дозу вакцыны ўвогуле атрымалі каля 70% дарослых жыхароў.
Лідарам па тэмпах вакцынацыі застаюцца Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, там ужо другі кампанент вакцыны атрымалі 70% насельніцтва.
Як «Нашай Ніве» распавёў адзін з эпідэміёлагаў, сітуацыя з каранавірусам у Беларусі пакуль што стабілізавалася, але не звялася на нішто. Спецыялісты лічаць, што супакойвацца, здымаць маскі і грэбаваць сацыяльнай дыстанцыяй, рана. Бліжэй да восені магчымы новы ўздым захворванняў. Тым больш, ужо цяпер у краіне фіксуюцца захворванні індыйскім штамам каранавіруса, які лічыцца больш заразным.
Апроч таго, медыкі адзначаюць, што сярод тых, хто хварэе, часцей сталі здарацца менавіта маладыя смерці.