Вольга амаль 10 гадоў жыла ў «грамадзянскім шлюбе», гадавала 9-гадовую дачку. Але летась закахалася ў калегу з мясакамбіната Сяргея Авечкіна і сыйшла да яго. Пара хутка распісалася. Праз некалькі месяцаў Вольга зацяжарыла. Але пачаліся праблемы. 

«Раней Сяргей быў звычайным чалавекам. Ну выпіваў, бывала, як усе — на святы, на выходныя. Але быў жыццярадасны, вясёлы.

Сяргей Авечкін

Сяргей Авечкін

А ў лютым у яго адбыўся інфаркт галаўнога мозгу, разарвалася анеўрызма. Рабілі нават трэпанацыю чэрапа. Некалькі месяцаў быў на бальнічным.

Пасля гэтага Сяргей пачаў рабіцца агрэсіўным пасля алкаголю. Пачаў нават руку падымаць на мяне. Месяц таму збіў мяне. Я звярнулася ў міліцыю — Сяргей правёў суткі пад вартай, далі яму нейкі штраф», — узгадвае Вольга.

Але яна ніколі не чакала, што можа здарыцца сапраўдная трагедыя. 

«Што магло яго справакаваць, я і сама не разумею. Усе могуць сварыцца, ва ўсіх бываюць побытавыя скандалы. Так усё пачыналася і ў той вечар. 

Апошнім часам мы фактычна не жылі разам з Сяргеям. У нас была вялікая сварка, пасля чаго мы, можна лічыць, разышліся. Я жыла ў кватэры, якая засталася пасля бабулі, Сяргей жыў у сваіх бацькоў. Але ён прыходзіў да нас, наведваў. Заставаўся часам начаваць, але як сям’я мы ўжо не жылі.

Так было і 26 ліпеня. Мы сазваніліся, я ведала, што ён мусіць прыйсці, — расказвае Вольга. — Але Сяргей прыйшоў нападпітку. Я сказала, што мне гэта не падабаецца, што мне гэта надакучыла. 

Сяргей схадзіў на кухню, вярнуўся з нажом. Але тут у яго пазваніў тэлефон, гэта адцягнула яго ўвагу ад нас. Я ўзяла дачку і выбегла на вуліцу. 

Але Сяргей нас там дагнаў, выбег і сказаў: я пажартаваў, пайшлі ў кватэру, чаго ты. 

У той момант ён ужо быў без нажа. Я паверыла, мы пайшлі з ім у хату. Па дарозе дачка выплюнула соску на лесвічнай клетцы — я гэта заўважыла, але не стала акцэнтаваць увагу.

У хаце дачка заенчыла. Сяргей спытаў: дзе соска? Я кажу: яна выплюнула.

Сяргей загадаў мне схадзіць па соску. Я пайшла.

А калі вярнулася, ён кажа: ёй соска ўжо не трэба. 

Ён пырнуў дзіця нажом. Але дачка была яшчэ жывая. Я пачала прасіць яго выклікаць хуткую, была ў такім шоку, што нават не ведаю, як і калі ён біў нажом мяне. Проста не памятаю. Я нават не разумела, што ў мяне таксама ёсць раны — бачыла, што кроў цячэ, але было не да таго. Проста не звяртала ўвагу.

Сяргей не даваў мне выклікаць хуткую. Пасля сказаў: я сыду і выклічаш дактароў. Загадаў мне зняць з сябе ўсе залатыя ўпрыгожванні, забраў іх і сышоў. Тады я пазваніла ўрачам. Ехалі не ведаю колькі, па маіх адчуваннях — доўга. Але дзіця было яшчэ жывое. Дактары забралі дачку, выклікалі хуткую для мяне». 

У бальніцы выратаваць дзіця не змаглі. Але жанчына выжыла. Некалькі дзён Вольга правяла ў рэанімацыі, цяпер яна ўжо дома. «Раны глыбокія, але нічога жыццёва важнага нічога не закранула», — кажа жанчына.

Месячную Дарыну, дачку Вольгі і Сяргея пахавалі 29 ліпеня.

Сяргей Авечкін пад вартай. За забойства дзіця і замах на забойства жонкі яму пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення, ці пажыццёвы тэрмін, ці смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0