Том Дэйлі. 2012 год

Том Дэйлі. 2012 год

Цкаванне ў каледжы

Для Тома сёлетнія гульні — ужо чацвёртыя па ліку. Першы раз 14-гадовы Дэйлі ўдзельнічаў у алімпіядзе ў Пекіне, адкуль, праўда, вярнуўся без медаля. Але ён стаў вядомым, што не спадабалася аднагодкам.

Тома называлі «хлопчыкам-дайверам» і «хлопчыкам-спідометрам», кідалі ў яго рэчы. Прычым, малодшыя дзеці бралі прыклад са старэйшых.

Дэйлі замкнуўся. Бацька не адпускаў яго ў каледж перад буйнымі спаборніцтвамі, хадзіў да дырэктара. Але тая заявіла, што нічога не ведала. Пазней прызналася, што некарэктныя паводзіны дазвалялі сабе толькі асобныя студэнты.

Каб захаваць псіхіку сына, бацька перавёў Тома ў іншы каледж, дзе ўсё наладзілася. Іспыты Дэйлі здаваў у паўзе паміж выступленнямі. Ён спецыялізаваўся на іспанскай мове (атрымаў «выдатна»), матэматыцы і фатаграфіі (адзнака «добра»).

Вундэркінд і медыя-зорка

Том Дэйлі. 2008 год

Том Дэйлі. 2008 год

Вялікабрытанія — адна з самых паспяховых камандаў у гісторыі Алімпійскіх гульняў. За ўсе часы яна ўсяго два разы не трапляла ў топ-15 па колькасці медалёў.

Апошнія гульні — суцэльны трыумф Вялікабрытаніі. Пекін-2008 — чацвёртае месца, Лондан-2012 — трэцяе, Рыа-2016 — другое. Пераможцаў безліч. Чаму ж Том вылучаецца на іх фоне?

Ён сапраўдны вундэркінд. Пачаў займацца скокамі ў ваду ў сем гадоў.

Калі Тому было 10, ён выйграў спаборніцтвы сярод юніёраў ва ўзроставай групе да 18 гадоў. У наступным годзе хлопцу споўнілася 11. Яго запрасілі ў якасці госця на чэмпіянат Аўстраліі, дзе ён узяў золата і срэбра ў барацьбе з хлопцамі, старэйшымі за яго на некалькі гадоў.

Англічанін надзвычай стабільны. Ён збірае ўзнагароды на чэмпіянатах свету і Еўропы з канца нулявых. І менавіта Том цягне за сабой партнёраў. У Тома ў скарбонцы тры алімпійскія медалі.

У Лондане-2012 ён узяў бронзу ў індывідуальных скоках з 10-мятровай вышкі. У Рыа-2016 — яшчэ адну бронзу. Але ўжо ў сінхронных скоках з той жа вышыні. У Токіа ён зноў узяў золата ў апошняй намінацыі.

У сінхронных скоках Дэйлі ўжо некалькі разоў мяняў партнёраў. І кожны раз заставаўся на п’едэстале.

Том Дэйлі ў 2012 годзе

Том Дэйлі ў 2012 годзе

Істотна, што Том канвертуе свае поспехі ў медыйную вядомасць. Калі яму споўнілася 18, BBC ужо намінаваў яго як «маладога спартыўнага персанажа года». У 2012-м яго папулярнасць ледзь не сыграла з ім дрэнны жарт.

У фінале яго асляпіла велізарная колькасць успышак ад фотаапаратаў, таму рэферы дазволіў яму скокнуць яшчэ раз.

Але гэта яшчэ не ўсё. У 2013-м Дэйлі пайшоў на тэлебачанне. На тэлеканале ITV было паказана шоу «Splash!». На ім брытанскія знакамітасці — ад пісьменніка да дызайнера інтэр’ераў — імкнуліся авалодаць майстэрствам дайвінга.

Шоу раскрытыкавалі, але ў нейкі момант яго адначасова глядзелі 5,9 мільёнаў чалавек.

Дэйлі, які з’яўляўся трэнерам знакамітасцяў, стаў яшчэ больш вядомым. Шоу хутка закрылася, але, магчыма, гэта толькі паспрыяла кар’еры спартсмена: ён мог канцэнтравацца выключна на спорце.

Муж, старэйшы на 20 гадоў

Дасцін Лэнс Блэйк

Дасцін Лэнс Блэйк

Напрыканцы 2013 года Том пераехаў з роднага Плімута ў Лондан. За два гады да гэтага памёр ягоны бацька, яму было ўсяго 40, у яго была пухліна галаўнога мозга.

Пераезд супаў з камін-аўтам: Дэйлі прызнаўся, што сустракаецца з хлопцам.

«Вядома, мне ўсё яшчэ падабаюцца дзяўчыны, але зараз я сустракаюся з хлопцам, і я вельмі шчаслівы», —

сказаў ён на сваім YouTube-канале.

Дэйлі стаў адным з першых брытанскіх алімпійцаў, які здзейсніў камін-аўт. Яго падтрымалі шмат селебрыці — ад асабістага трэнера да славутага футбаліста Гары Лінікёра, але не ўсе родныя паставіліся да такога выказвання адзназначна. Пазней Том заявіў, што лічыць сябе геям.

Абранцам спартсмена стаў вядомы амерыканскі сцэнарыст, рэжысёр і прадзюсар Дасцін Лэнс Блэйк, старэйшы за Тома на 20 гадоў. Яны сустрэліся на адной з імпрэзаў, і, як пазней прызнаваўся Том, гэта было каханне з першага позірку.

Найбольш Блэйк вядомы як аўтар сцэнарыя да фільма «Харві Мілк», які расказвае пра аднайменнага палітыка. Мілк — першы адкрыты гей, які займаў дзяржаўны пост у штаце Каліфорнія (яго выбралі членам гарадскога назіральнага савета Сан-Францыска), але быў забіты.

Стужка сабрала сем намінацый на «Оскар» і перамагла ў дзвюх: трыумф у намінацыі «лепшая мужчынская роля» святкаваў Шон Пэн, а Блэйка адзначылі як «лепшага сцэнарыста».

Дэйлі і Блэйк узялі шлюб і дагэтуль разам. Яны выхоўваюць сына, які нарадзіўся пры дапамозе сурагатнай маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0