Галоўнай падзеяй свята вёскі Будзілаўка, што на Бягомльшчыне, стала адкрыццё памятнага знака ахвярам рэпрэсій. Гэта стала працягам справы па ўвекавечанні памяці загінулых землякоў, распачатай выхадцам Будзілаўкі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Мікалаем Печанем. Менавіта яму належыць ідэя ўстаноўкі помніка і пасадкі бярозавага гаю, паведамляюць «Родныя вытокі».

Цяпер Мікалай Анатольевіч сабраў звесткі аб сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, з'ездзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек.

Унукі і праўнукі тых, чые імёны запісаныя на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя. Пасля памінальнага набажэнства, якое адслужыў іерэй Аляксей Кушнярэвіч, памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч шчыра павіншавала ўсіх прысутных са святам вёскі і выказала словы падзякі Мікалаю Печаню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0