Максім працуе айцішнікам. Кажа, што ўсё пачалося з конкурсу касцюмаў і карпаратыву.

«У нас быў карпаратыў, на якім разыгрывалі новую гульнявую прыстаўку PlayStation. Гэта быў прыз за лепшы касцюм. 

Прыстаўка ў Беларусі каштуе 2200 рублёў, і я цвёрда вырашыў яе выйграць. Падумаў, што калі траціць сто рублёў, то такія касцюмы будуць у кожнага, так не пераможаш. А калі траціць беспадстаўна шмат, то я буду такім адзіным. 

Але настолькі запарыўся з касцюмам, што спазніўся на рэгістрацыю і галасаванне і застаўся ні з чым: прыехаў, калі ўсё скончылася. Прычым, усім было зразумела, што я б перамог, калі б паспеў, — кажа Максім. — На касцюм я патраціў шмат высілкаў і грошай, заплаціў больш за 300 даляраў. Наймаў грымёраў, мяне толькі гадзін 6-8 фарбавалі, для гэтага прыйшлося пагаліць усё цела: і галаву, і бараду, і ногі, і ўсё астатняе. Хаджу вось цяпер з калючымі нагамі.

Лінзы таксама былі, насіў іх гадзін 20, праз гэта пашкодзіў вочы. 

А пасля яшчэ і нож, які быў часткай касцюму, упаў і зламаўся. Гэта быў нож з камня і косткі, зроблены па старой тэхналогіі, сапраўдны як дагістарычны нож. І ён упаў на асфальт і разбіўся.

Гэта абыйшлося мне яшчэ недзе ў 300 даляраў.

Таму я растроіўся, пасля карпаратыва паехаў яшчэ на Зыбіцкую, там прагуляўся…

А пасля я не ведаю, што на мяне найшло, чаму я сеў за стырно. Увесь жах сітуацыі я ўсвядоміў, толькі калі ўбачыў мігалкі.

Спынілі мяне мэтанакіравана. Хтосьці пазваніў у ДАІ і сказаў, што бачыў, як я нападпітку сядаў у аўто. І даішнікі ехалі ўжо канкрэтна па мяне. 

Але даішнікі былі ветлівымі, пасмяяліся, нават сфоткаліся са мною. Мы з імі цікава пагаварылі. Канечне, пажурылі мяне трохі, але ж усё ўжо здарылася. Цяпер панясу пакаранне.

Але ў мяне ёсць пытанне наконт праміле: калі мяне спынілі, то я дыхаў у трубачку, было 0,8. Пасля на медаглядзе паказала ўвогуле 0,6, і мяне проста адпусцілі дадому, забраўшы машыну. А цяпер пішуць, што ў мяне было 1,9 праміле — нешта я не памятаю такіх лічбаў.

Дзіўна, трэба ў ДАІ разбірацца. І вельмі кепска, што гісторыя ўжо завірусілася, баюся, што праз гэта мне дадуць максімум — 5800 рублёў штраф і пазбавяць правоў.

На працы пакуль усе глядзяць на мяне са спачуваннем ці пасміхаюцца і жартуюць. Вінавацяць таксама — ды я і сам сябе не апраўдваю.

Але хвалююся за бацькоў, яны ўсё ўспрымаюць блізка да сэрца. Спадзяюся, сам паспею ім акуратна расказаць перш, чым яны прачытаюць недзе артыкул пра мяне.

Мае высновы з гэтай гісторыі — ніколі не сядаць п’яным за стырно. Нават не дапускаць магчымасці для сябе гэта зрабіць. Бо алкаголь змяняе чалавека і можна зрабіць тое, што цвярозым і ніколі б не падумаў». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0