У так званым пашпартным стале афармляць біяметрыю адправілі ў іншы кабінет з не самым абнадзейлівым зычэннем. Маўляў, вы першая, яшчэ нічога не абкатана, калі ёсць магчымасць пачакаць, то лепш гэта зрабіць. Новы від дакументаў афармляюць у спецыяльна абсталяваным кабінеце, уваход у які з двара будынка. Абсталяванне ў памяшканні выглядае футурыстычна: спецыяльны сканер для адбіткаў пальцаў, абсталяванне для стварэння электроннага подпісу, «разумная» камера для фатаграфіі… І ўсё гэта ў адной прыладзе для кожнага кліента. А іх у Пінскім аддзеле па грамадзянстве і міграцыі адначасова можа абслугоўвацца да чатырох чалавек. Спецыялісты адзначылі, што для выкарыстання ў краіне дастаткова толькі карты, а для выездаў за мяжу патрэбны яшчэ і біяметрычны пашпарт. Каб аформіць новыя дакументы неабходна аплаціць паслугу і прыйсці ў аддзел са старым пашпартам.

Унесці грошы за ID-карту і пашпарт можна самастойна праз АРІП або ў банку, на пошце. З тэлефона алгарытм просты: АРІП, МУС, грамадзянства і міграцыя, грамадзянін РБ, вобласць і горад, ID карта, ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта. Толькі ні адна з 10 спробаў аплаціць не была паспяховай. Сістэма адказвае, што паслуга не знойдзена.

Журналістка спрабавала заплаціць за пашпарт. З рахунку паспяхова спісалі 58 рублёў. Толькі без ID-карты пашпарт не зробяць. Звярнулася на пошту. Дзяўчына пацвердзіла, што і праз іх сістэму аплату за ID карту зрабіць немагчыма, хоць напісана, што паслуга даступная з 1 верасня. У пашпартным стале адказалі, што ў гэтай сітуацыі дапамагчы не могуць. Неабходна чакаць, калі праблема з аплатай вырашыцца.

ID карта і пашпарт разам каштуюць 100 рублёў, чвэрць мінімальнай зарплаты ў краіне. Атрымаць новыя дакументы, якія каштуюць у тры разы больш за звычайныя, пры першай магчымасці немагчыма.

Нагадаем, з 1-га верасня ў Беларусі пачалі прымаць дакументы на афармленне ID-картак і біяметрычных пашпартоў. Як і раней, заявы прымаюць аддзелы па грамадзянстве і міграцыі. Выдаваць новыя дакументы будуць па жаданні, то-бок звыклы папяровы пашпарт таксама будзе дзейнічаць. 

Чытайце таксама: У Беларусі пачынаюць выдаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карткі. Як іх атрымаць і як гэта зменіць наша жыццё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0