Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Новыя ўласцівасці цыстэаміну адкрылі брытанскія даследчыкі праз эксперыменты на мышах. Прэпарат паказаў здольнасць спыняць з’яўленне ў артэрыях тлушчавых адкладаў і разбураць тыя, што ўжо існуюць там. Дзякуючы такім здольнасцям прымяненне цыстэаміну можа дапамагчы праз дзесяць гадоў прадухіляць тысячы інфарктаў і спыненняў сэрца на год, піша inews.

Калі тып тлушчу пад назвай халестэрын ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці (ЛПНШ) акісляецца, ён пачынае фарміраваць бляшкі на сценках артэрый. У выпадку, калі гэтыя бляшкі адарвуцца ад сасудаў, яны могуць ператварыцца ў тромбы, здольныя блакаваць жыццёва важныя сасуды. Гэта і выклікае інфаркты і інсульты.

Раней навукоўцы высветлілі, што халестэрын ЛПНШ можа акісляцца ў лізасомах — элементах імунных клетак унутры сценкі артэрыі. Цяпер падчас іспытаў на мышах стала зразумела, што цыстэамін здольны накоплівацца ў лізасомах і спыняць акісленне халестэрыну ЛПНШ. У выпадку з мышамі прэпарат змяншае колькасць тлушчу ў працэсе акіслення на 73% і долю запаленчых белых крывяных цельцаў на 55%.

Патрэбныя дадатковыя тэсты, каб праверыць эфектыўнасць прэпарата, і няма гарантыі поспеху. Але, калі ўсё атрымаецца, новыя лекі супраць атэрасклерозу з’явяцца ў прымяненні ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0