На Вікторыю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, дзе пазначылі, што яна «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру», паведамляюць праваабаронцы.
Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна. Вікторыя распавяла, што валасы пафарбавала амаль паўгода таму дзеля жарту.
Адразу яны былі белыя, а ззаду некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адраслі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бела-чырвоную».
Суддзя Наталля Бугук папрасіла па скайпе Лёвіну павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Суддзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска» і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаванні. Вынік — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых).