За 2020 год, які быў для Беларусі не толькі пандэмійным, але і пратэсным, дзярждоўг краіны павялічыўся на 29% у параўнанні з папярэднім годам.

Асноўную долю ў графіку пагашэння даўгавых абавязацельстваў складаюць крэдыты Расіі і Кітая. То-бок новыя расійскія крэдыты будуць, хутчэй за ўсё, накіраваныя на пагашэнне старога доўгу перад гэтымі дзвюма краінамі.

Беларусь з'яўляецца для Расіі найбуйнейшым дзяржаўным даўжніком. Паводле звестак Сусветнага банка, запазычанасць Беларусі перад Расіяй у канцы 2019 года складала 8,1 млрд даляраў.

8 верасня стала вядома, што ва ўрадзе Расіі абдумваюць новыя варыянты падтрымкі Беларусі.

Мінфін Беларусі таксама выпускае дзяржаўныя аблігацыі, якія таргуюцца на розных біржах, у тым ліку і на еўрапейскіх.

Пры адсутнасці доступу да замежных рынкаў і санкцый ЕС у дачыненні да новых выпускаў беларускіх аблігацый урад Беларусі будзе і далей спадзявацца на міждзяржаўныя крэдыты і можа выкарыстоўваць доступ да расійскага рынку капіталу.

У маі стала вядома, што для рэфінансавання сваёй замежнай запазычанасці ўрад Беларусі плануе таксама прыцягнуць на Маскоўскай біржы 100 млрд расійскіх рублёў шляхам размяшчэння аблігацый.

Беларусь купляе ў Расіі газ па льготных цэнах, а нафту і нафтапрадукты з нулявымі пошлінамі. Такія схаваныя субсідыі з'яўляюцца найбольш істотнай часткай фінансавай падтрымкі Беларусі з боку Расіі.

Пры гэтым апошнія гады, адзначаюць аналітыкі агенцтва S&P, аб'ём энергетычных субсідый скараціўся з-за падатковага манеўру ў расійскім нафтавым сектары.

Па даных аналітыкаў расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў, у 2020 годзе расійскія энергетычныя субсідыі ўпалі да мінімальных 0,9% ВУП з-за скарачэння фізічных аб'ёмаў паставак і падзення сусветных цэн на нафту і прыродны газ. Але ў 2021 годзе памер экспартных пошлін вярнуўся да 5,7% ВУП — за кошт павелічэння розніцы ў цэнах на больш танны расійскі газ для Беларусі і цаны на газ у Еўропе.

У выніку аб'ём энергетычных субсідый для Беларусі ў 2021 годзе складзе 3,5 млрд даляраў, адзначае намеснік кіраўніка эканамічнага дэпартамента Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Кандрацьеў. Усяго з 2012 года энергетычныя субсідыі для Беларусі перавысілі 50 млрд даляраў.

З мая гэтага года ацэньваць аб'ём энергетычных субсідый, дадзеных Расіяй, будзе складана, таму што ўрад Беларусі перастаў публікаваць даныя па імпарце і экспарце нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу. Кандрацьеў мяркуе, што гэта звязана з уведзенымі санкцыямі ЗША супраць беларускага энергетычнага сектара.

Фінансавая падтрымка Расіі апошнія гады зніжаецца з-за памяншэння аб'ёму энергетычных субсідый, адзначаюць аналітыкі S&P.

Ва ўмовах санкцый і закрытых знешніх рынкаў расійскія крэдыты застаюцца адным з нешматлікіх крыніц знешняга фінансавання Беларусі.

Для Расіі крэдыт у 1,5 млрд даляраў, які яна выдае Беларусі, гэта некрытычныя грошы, мяркуе дырэктарка Беларускага Цэнтра эканамічных даследаванняў Кацярына Барнукова.

З Барнуковай згодны расійскі эканаміст Яўген Гонтмахер. «Беларусі гэтыя 1,5 млрд дапамагаюць закрыць многія дзіркі, якія з'яўляюцца ў Лукашэнкі. Для Расіі гэта невялікія грошы», — кажа Гонтмахер.

Для Расіі ўдзел у інтэграцыйных праектах з Беларуссю і ўся фінансавая падтрымка — гэта чыстая палітыка, заўважае эканаміст Яўген Гонтмахер, таму што для расійскай эканомікі беларуская не мае значэння. Беларусь не вырабляе нічога такога, чаго ў Расіі няма ці нельга больш выгадна купіць у іншых краінах, кажа Гонтмахер.

Расія ў асобе Пуціна не зацікаўленая ў тым, каб Беларусь аддалілася ад Расіі, як гэта спрабуюць зрабіць Украіна, Малдова, Грузія, таму Расія вымушаная весці перамовы, мяркуе эканаміст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0