Масавая рэвакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19 цяпер не з'яўляецца неабходнай і, наадварот, можа прывесці да пабочных эфектаў. Да такой высновы прыйшла міжнародная група навукоўцаў, сярод якіх галоўны навуковы супрацоўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Сум'я Свамінатан і выканаўчы дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях у галіне аховы здароўя Майкл Раян. Іх артыкул апублікаваны ў часопісе The Lancet.

На думку аўтараў даследавання, ранняя рэвакцынацыя ад каранавіруса можа прывесці да пабочных эфектаў. Эксперты падкрэсліваюць, што гэта тычыцца як мРНК-вакцын, так і прэпаратаў на аснове адэнавіруса.

У дакладзе гаворыцца, што калі бустарныя дозы будуць уводзіцца ў арганізм занадта рана ці занадта часта, то гэта можа выклікаць у пацыента міякардыт (у дадзеным выпадку гаворка ідзе аб увядзенні мРНК-вакцын, то-бок прэпаратаў ад кампаній Pfizer і Moderna), а таксама сіндром Гіена-Барэ (тут маюцца на ўвазе вакцыны на аснове адэнавіруса, уключаючы «Спутнік V» і прэпарат ад AstraZeneca).

Навукоўцы сцвярджаюць, што новая хваля COVID-19, выкліканая дэльта-штамам, пагоршыла сусветны крызіс грамадскай аховы здароўя і прымусіла ўрады большасці дзяржаў задумацца аб неабходнасці бустарных доз для вакцынаванага насельніцтва.

«Хоць ідэя далейшага скарачэння колькасці выпадкаў COVID-19 шляхам павышэння імунітэту ў вакцынаваных людзей і прывабная, любое рашэнне аб гэтым павінна грунтавацца на фактычных даных і ўлічваць перавагі і рызыкі для асобных асоб і грамадства», — кажуць эксперты.

Па іх словах, заявы аб тым, што ў найбліжэйшы час можа спатрэбіцца бустарная вакцынацыя, калі яны не будуць пацверджаны надзейнымі данымі і аналізам, могуць адмоўна паўплываць на давер да вакцын і падарваць намаганні першаснай вакцынацыі. 

Аўтары даследавання дадаюць, што рэвакцынацыя можа спатрэбіцца людзям з аслабленым імунітэтам, а таксама тым, у каго не сфармавалася абарона пасля асноўнай вакцынацыі. Разам з тым яны падкрэсліваюць, што калі ў чалавека не сфармаваўся імунітэт пасля першай прышчэпкі, то эфекту ад бустару таксама можа не паўстаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0