Сяргея Думаву выводзяць з судовай залы. Фота: «Віцебская Вясна»

Сяргея Думаву выводзяць з судовай залы. Фота: «Віцебская Вясна»

Віцябляніна Сяргея Думаву абвінавачвалі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт.293 ККч.3 арт. 293 КК, арт. 341 КК.

Па ўсіх абвінавачваннях суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Думаву вінаватым. Найбольшае пакаранне — 9 гадоў калоніі, прызначыў па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Апроч гэтага, 2 гады — за «навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадкаў». І 1 месяц арышту — за «апаганьванне будынкаў».

Па сукупнасці пакаранняў і «шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім» агульны тэрмін зняволення склаў 9 гадоў і 15 сутак калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сяргей Думава быў затрыманы 22 сакавіка 2021 году, калі расклейваў у горадзе налепкі. Пасля затрымання ён прызнаўся ў тым, што нанёс яшчэ чырвонай фарбай некалькі надпісаў «Жыве Беларусь». У абвінавачванні таксама фігуруюць надпісы «3%»«Чырвоны партызан»«Сыходзь».

23 сакавіка, на наступны дзень пасля затрымання, у ягонай хаце адбыўся ператрус. У гаражы быў знойдзены жалезны трафарэт гербу Пагоня, а таксама петарды, страйкбольныя гранаты, дымавыя шашкі ды іншыя не забароненыя для захоўвання прадметы.

Першае судовае пасяджэнне адбылося 13 жніўня. На ім Сяргей адмовіўся даваць якія-небудзь паказанні. Як вынікала з пісьмовых паказанняў, сваю віну ў выстаўленых абвінавачаннях ён цалкам адмаўляў. Наступнае пасяджэнне, 16 жніўня, зрабілі ўжо закрытым. Прычынай нібыта паслужыў фотаздымак, зроблены на працэсе і размешчаны ў інтэрнэце. Падчас вынясення прысуду суддзя Міхаіл Юрчанка забараніў не толькі фатаграфаваць, але нават весці запіс на дыктафон.

Адвакаты Сяргея Думавы збіраюцца абскарджваць дадзенае рашэнне ў абласным судзе.

«Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», — заявіла адразу пасля абвяшчэння прысуду маці Сяргея Думавы Алена. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі папрысутнічаць на пасяджэннях.

Як распавялі знаёмыя абвінавачанага, Сяргей Думава — былы канструктар прамысловых і грамадскіх будынкаў. Займаўся праектаваннем гарадской забудовы Віцебску, але два гады таму ягоны талент аказаўся незапатрабаваны. Добры спецыяліст застаўся без працы, доўга не мог нідзе ўладкавацца і вымушаны быў пайсці працаваць вартаўніком.

Сяргей выхоўвае двух непаўналетніх дзетак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1