Нарадзіўся ў вёсцы Красная Гара Краснагорскага раёна Бранскай вобласці ў 1978-м. Бацькі працавалі ў мясцовай арганізацыі аграрнага комплексу. Як ён апынуўся ў Беларусі, не да канца ясна. 

Згодна з матэрыялам за 2014 год у раёнцы «Прысталічча», «Падвойскі прыняў рашэнне паступіць у Мінскую сувораўскую вучэльню, бацькі падтрымалі рашэнне сына, так з ранняга ўзросту пачаў гартавацца характар, бо, каб ажыццявіць мару, юнаму Ігару належала пераехаць з Расіі ў Беларусь».

Пры гэтым у афіцыйнай біяграфіі сцвярджаецца, што перад Сувораўскай ён вучыўся ў Самахвалавіцкай сярэдняй школе пад Мінскам. Несупадзенне. 

«У маім жыцці дзве жарсці — сям'я і работа»

Як і ўсіх выпускнікоў Сувораўскай вучэльні, у Акадэмію МУС Падвойскага залічылі па ўказе і без экзаменаў, амаль адразу абралі камандзірам аддзялення 4 узвода.

Пасля выпуску ён працаваў следчым у міліцыі, быў начальнікам папярэдняга следства ў Сеніцы, потым служыў у Мачулішчах — займаўся алкаголікамі, праблемнай моладдзю і выпускнікамі турмаў. Пасля стаў начальнікам Мачулішчанскага аддзела міліцыі Мінскага РУУС. 

Цікавы факт з ягонай біяграфіі. З 2014 па 2018 год быў дэпутатам па Мачулішчанскай выбарчай акрузе — маўляў, «балатавацца папрасілі людзі». 

Вось што казаў Падвойскі раёнцы «Прысталічча» пра сваю работу:

«Гэта невытлумачальна як каханне, цябе проста зацягвае з галавой, і ты не можаш думаць ні пра што іншае. Займаешся справамі ў працоўным кабінеце ці едзеш у машыне дамоў — у тваёй галаве ўвесь час выбудоўваюцца ланцужкі, версіі. І адпачынак, як растанне, здаецца цяжкім: не хапае працоўнага драйву, мысленчага працэсу. […] У маім жыцці дзве жарсці — сям'я і работа. […] Часам становіцца горка ад думкі, што выпускаеш некаторыя моманты і не бачыш, як сталее дачушка.

Але ў той жа час усведамляеш, што ахвяра высакародная: часам ад тваёй работы залежыць бяспека дзяцей у іншых сем'ях і іх дабрабыт, а таксама жыццё». 

З 2017 года Падвойскі працаваў ва ўпраўленні ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Быў нават намеснікам начальніка міліцыі грамадскага парадку. А праз два гады яго перавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама. 

Што тычыцца асабістага жыцця, то Падвойскі жанаты. Яго жонка працуе топ-менеджаркай у адной з сетак рытэйлу.

Падвойскі ў вузкіх колах расказваў, што заробак яму як бы і не трэба — «усё сыходзіць на паліва і іншую дробязь», жонка — асноўны здабытчык, а служба для яго як хобі. 

«І Падвойскі, і Казлоў — аднаго поля ягады»

У мінскую міліцыю Падвойскага прывёў яго сябра Кубракоў, цяпер міністр. Сяброўскія адносіны ў іх завязаліся ў сярэдзіне 2000-х: Кубракоў з Падвойскім адначасова (у 2007-м) былі прызначаныя начальнікамі раённых міліцый. Кубракоў — Заслаўскай, Падвойскі — Мачулішчанскай. Яны сазвоньваліся, таварышавалі, абменьваліся інфармацыяй. 

Калі Кубракоў узначаліў Мінскую міліцыю, то пачаў падцягваць у сваю каманду знаёмых сабе кадраў.

Цяперашнія і былыя калегі адгукаюцца пра Падвойскага стрымана, яны лічаць, што ў гэтым чалавеку праяўляюцца два бакі адной асобы. 

«У Падвойскага не было такога, што давай, ідзі, рубі палкі. Ён нават даваў вусныя распараджэнні не затрымліваць людзей, калі яны нешта надзівачылі ненаўмысна — бойка там нейкая ці яшчэ што, калі няма пацярпелых, калі дурасць — ну то не псаваць ім лёсы. Абысціся размовай.

Але калі намерана парушэнне закона — затрымліваць. Казаў, каб усё было «юрыдычна-прыгожа».

Таксама не надта актыўна рэагаваў на прыдуркаватыя скаргі грамадзян на супрацоўнікаў, напрыклад «сядзелі на лавачцы, елі беляшы». Іншы начальнік мог пазбавіць за такое прэміі, учыніць разборкі, Падвойскі — ніколі», — сказаў нам адзін з работнікаў МУС. 

«І Падвойскі, і Казлоў — аднаго поля ягады. Абодва любяць выслужыцца, але працаголікі. З гледзішча арганізацыі і тактыкі работу сваю ведаюць, на фоне перапрацовак даводзілася бачыць нервовыя зрывы і істэрыкі.

Характарыстыка асобы і тое, што яны цяпер робяць, тлумачыцца доўгім часам работы ў МАБ — абодва мелі кантакты з горшымі слаямі насельніцтва, адпаведна, да ўсіх людзей па-за межамі МУС з цягам часу пачыналі ставіцца як да маргіналаў і бандытаў», — дадае іншы супрацоўнік. 

Чамаданава раней падпарадкоўвалася непасрэдна Падвойскаму, а праз яго Казлову

Па нашай інфармацыі, Падвойскі і Казлоў знаёмыя даўно. Першы быў падначалены апошняга доўгі час. 

Падвойскі быў начальнікам аддзела аховы і прафілактыкі Мінскага РУУС, потым стаў на ступень вышэй — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, першым намеснікам начальніка ўпраўлення.

Казлоў быў начальнікам УАПП — упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама. Такім чынам, Падвойскі падпарадкоўваўся Казлову.

Віталь Казлоў. Фота ctv.by

Дарэчы, Казлоў перайшоў у вобласць з аднаго з раённых мінскіх РУУСаў. Па нашай інфармацыі, яго прасоўванню па кар'ернай лесвіцы дапамагаў адыёзны начальнік абласной міліцыі Ігар Яўсееў, які за разгон Плошчы-2010 трапіў у санкцыйныя спісы.

Цяпер, калі Падвойскі намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, а Казлоў намеснік начальніка УУС Мінскай вобласці, яны на роўных пасадах. Але ўсё ж Падвойскі лічыцца трошкі «раўнейшым». 

Што цікава, Вольга Чамаданава, якую гэтая пара актыўна абмяркоўвае, не стрымліваючыся ў эпітэтах, доўгі час, больш за 10 год, была начальніцай інспекцыі па справах непаўналетніх Мінскага РУУС. Яна падпарадкоўвалася непасрэдна Падвойскаму, а праз яго — Казлову. 

Па нашай інфармацыі, Чамаданаву гэтыя двое не любілі і праз свой сэксізм, і праз яе залішнюю ініцыятыўнасць. Кажуць, што Казлоў шкодзіў яе кар'еры, заварочваючы спробы прасунуць яе на пасады начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мінскага РУУС ці начальніка УАПП. 

Вольга Чамаданава. Фота: belnaviny.by

«У прэс-сакратары яна трапіла выпадкова, бо ніхто з работнікаў ідэалогіі не хацеў займаць гэтую пасаду, ведаючы, што трапіць пад раздачу на ёй можна кожны дзень і на роўным месцы. Але міністр патрабаваў укамплектаваць гэтую пасаду. Такім чынам, галоўны ідэолаг МУС Эдуард Ярашук, які да таго быў начальнікам кадраў міліцыі Мінскай вобласці, успомніў пра Чамаданаву. Тая пагадзілася, разумеючы, што пры Казлове наўрад ці калі яна выберацца з Мінскага РУУС ці атрымае павышэнне», — гавораць нашы суразмоўцы.

Такім чынам, Вольга Чамаданава пераляцела праз галовы двух сваіх ужо былых начальнікаў і стала галаўнейшай за іх. Пасля гэтага, напэўна, яны сталі не любіць яе яшчэ больш. 

Абазнаныя крыніцы таксама тлумачаць імаверную прыроду зліваў: найхутчэй, аб'ектам праслушкі быў Казлоў, бо Караеў перад выбарамі аддаў каманду ГУУБ (уласнай бяспекі) аператыўна адпрацоўваць вярхушку міліцыі, каб выявіць магчымую нелаяльнасць.

Чытайце таксама:

«Адчыніў дзверы, за валасы выцягнуў з машыны, нагой даў, б**». З’явіліся новыя злівы праслушкі сілавікоў

«Міністр кажа, спагнанне з мяне, а Гамолу з пасады зняць». У новым зліве сілавікі абмяркоўваюць прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?