Каторы ўжо год букмекеры ставяць на пладавітага 72-гадовага японскага раманіста Харукі Муракамі, які піша масавую літаратуру, і 83-гадовага кенійскага раманіста і драматурга левых поглядаў Нгугі ва Тхіонга (Ngugi Wa Thiongo). (Раней лічаныя афрыканскія пісьменнікі атрымлівалі Нобеля.)

Але ўпоравень з ім ідуць яшчэ пяць аўтараў.

Гэта таксама дзве канадкі — 71-гадовая Эн Карсан (Anne Carson) і 82-гадовая Маргарэт Этвуд (Margaret Atwood). Першая — вядомая эліністка, аўтарка дысертацыі па творчасці Сапфо, літаратуразнаўца і паэтка. Другая — папулярная паэтка, празаік, экалагічная актывістка, лаўрэат дзясяткаў розных прэмій.

А яшчэ ў топе — 78-гадовая расійская раманістка Людміла Уліцкая.

Ёсць у версе спісу і цэнтральнаеўрапейскі пісьменнік — 67-гадовы венгр Ласла Краснагоркай (László Krasznahorkai), які піша няпростыя, постмадэрнісцкія меланхалічныя раманы і п'есы.

Сярод фаварытаў называюць таксама 84-гадовую Марызу Кандэ (Maryse Condé). Яна родам з Гвадэлупы — заморскага дэпартамента Францыі, піша па-французску пра мінулае тых афрыканцаў, якіх завозілі на Карыбы ў якасці рабоў. Кандэ ўсё жыццё актыўна падтрымлівала рух за незалежнасць Гвадэлупы.

Ніжэй у спісе — румын Мірча Кэртэрэску, кітаянка Джан Сюэ, француз Мішэль Уэльбэк, ізраільцянін Амас Оз, албанец Ісмаіл Кадарэ, чэх Мілан Кундэра і, вядома ж, аўтарка «Гары Потэра» Джаан Роўлінг.

Зрэшты, букмекеры рэдка адгадваюць імя набеліста. Так, Муракамі апынаецца ў версе спісу ўжо з дзясятак гадоў, але пакуль прэміі не здабыў.

Так, пазалетась букмекеры чакалі перамогі Эн Карсан і Марызы Кандэ, а прэмію здабылі Вольга Такарчук і Пэтэр Гандке.

73-гадовая Святлана Алексіевіч — адзіная на сёння Нобелеўсквя лаўрэатка з Беларусі. Яна атрымала Нобелеўскую прэмію ў 2015 годзе.

У шорт-лістах прэтэндэнтаў на Нобелі ў сферах эканомікі, медыцыны, прыродных навук беларусаў пакуль няма. Затое букмекеры ў спіс прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію міру ўключаюць Святлану Ціханоўскую. Жонка блогера-палітвязня стала сімвалам мірнага руху беларусаў за свабодныя выбары, чалавечую годнасць і аднаўленне законнасці ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0