«Страляць пачалі адначасова»

Асланян звяртае ўвагу на тое, што відэаздымкі змантаваныя, таму застаецца адкрытым пытанне, якая частка матэрыялу трапіла на відэа, а якая не патрапіла. Аднак па камеры з боку сілавікоў відаць, што, калі сілавікі ўварваліся, стрэлаў у іх у гэты момант не было.

— Магчыма, ён [Зельцэр] сышоў углыб кватэры. Сілавікі забеглі. Стрэлаў няма. І потым мы бачым з камеры, якая здымае Зельцэра са спіны, што стрэлы прагучалі адначасова. Пры гэтым стойка ў яго выразная, гэта не манеўр ухілення, ён не з хованкі — ён стаіць. Відаць, што ён не адкрыў агонь адразу, як толькі яны ўварваліся. Яны ўварваліся, агледзеліся і атрымалі ад яго падказку пра далейшыя дзеянні.

Трэба ўбачыць у іх дзеяннях [супрацоўнікаў КДБ] граматнасць, таму што па жонцы бяззбройнай іх вывучка выразна зусім сказала «стоп», і яны страляць не сталі.

— На кадрах мы не бачым дыму ад зброі. Ён павінен быць?

— Не. Гэта вертыкалка. Іх вельмі шмат падобных. Beretta ёсць такая ж, ІЖ такі ж ёсць, ТОЗ. Гэта вертыкалка для спартовай стрэльбы па сподачках, але яны падыходзяць і для палявання.

І гэта зброя аднаго стрэлу. У цябе няма магчымасці і часу на перазарадку.

Перазарадка там складаная: пераломка, адпаведна трэба адкрыць, пераламаць, экстрадаваць дзве гільзы, хутчэй экстрактар спружынны, як у любой сучаснай стрэльбы. Мы не бачым, ці быў на Зельцэра боезапас або было толькі два патроны. Трэба аднекуль дастаць два патроны, уставіць іх, пакласці стрэльбу ў баявое становішча, прыцэліцца і стрэліць. Няма такога шанцу. І Зельцэр, як чалавек, які валодае стрэльбай, выдатна разумеў, што стрэл будзе толькі адзін — дуплетам з двух ствалоў альбо па чарзе.

Цалкам магчыма, цяжка па відэазапісе зразумець, ці ён зрабіў два стрэлы або адзін. Але страляць пачалі адначасова.

«Яны паняцця не мелі, які ён і ці ёсць у яго зброя»

— Чаму супрацоўнікі КДБ былі без спецыяльнага абмундзіравання. Яны, атрымліваецца, не ведалі, да каго ідуць ці не чакалі? КДБ заявіў потым, што яны ішлі захопліваць тэрарыста. Але чаму тады ідуць у лёгкай вопратцы?

— Мы, з аднаго боку, мяркуем, як правільна гэта рабіць, па галівудскіх баевіках. А з іншага боку, па справаздачнасці нам прадʼяўленай, калі поспех на іх баку. І кожны раз гэта павінна падняць у нашым уяўленні ўзровень іх прафесіяналізму.

Яны ідуць браць айцішніка, ствол — у нос і ён зараз проста вось тут… Нічога падобнага. Менавіта таму яны былі абсалютна не гатовыя. Яны паняцця не мелі, які ён, ці ёсць у яго зброя альбо не. Зброя ў руках у яго стала для іх абсалютнай нечаканасцю. Яны не падазравалі, што ён узброены. Маглі б паглядзець яго асабістую справу наглядную. Там напісана, што ў яго вертыкалка ёсць. Яны не знайшлі часу. Але пры гэтым яны ішлі браць мацёрага злачынцу. Нешта такое адчуванне, што не мацёрага і не злачынцу, не тэрарыста. Тым больш, што для гутаркі з гэтым чалавекам у іх быў вельмі шырокі спектр магчымасцяў. Неабавязкова было ламіцца, страляць, пагражаць і наогул браць штурмам. Але яны вырашылі, што так будзе страшней, так будзе круцей.

На пытанне, як ацэньвае дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія страляюць, калі іх калега перад імі, бо можна было яго закрануць, Асланян, не выключыў, што такое магло адбыцца.

— Чаму вы напісалі, што дыстанцыя настолькі кароткая, што боепрыпасы не маюць значэння. Пра што гэта можа казаць?

— Гэта для тых, хто пачынае спрачацца, што карцеччу Зельцэр павінен быў адным стрэлам усіх, хто стаяў у дзвярным праёме, пакласці. Шротавы зарад заўсёды раскрываецца на дыстанцыі больш за 15 метраў. Да 15 метраў няважна, чым ты страляеш. І дробны ў цябе шрот або буйная карцеч, яно ідзе практычна па памеры дыяметрам ствала. Амаль што адна цэлая куля, толькі не маналітная. А пасля 15 метраў — звычайна на 20 метрах — адбываецца раскрыццё зарада. І вось калі з драбавіка страляюць па птушцы, калі страляюць з дыстанцыі 10 метраў, то гэта атрымліваецца, як быццам ты лом у яе кінуў. А калі страляюць з дыстанцыі 30 метраў, калі адбываецца раскрыццё шротавага або карцечнага зарада, то тады ты накрываеш зграю і некалькі птушак. Таму калі б дыстанцыя была метраў 20, то ён бы з аднаго стрэлу паклаў усіх, хто стаяў у дзвярным праёме. Паколькі дыстанцыя была метры тры, няважна, чым ён страляў.

 «У нас ніколі не было такой здымкі»

— Паводзіны жанчыны, наколькі яно тыповае, там няма істэрыкі, крыкаў…

— Я б пра гэта пагаварыў з тымі, хто быў пад абстрэлам, у каго стралялі, хто быў на кропцы, па якой з некалькіх ствалоў вялі агонь — вось з гэтымі людзьмі я б пагаварыў пра тое, які аптымальны варыянт паводзін. А тут відаць, што эмоцыі ў яе ўжо ў мінулым, што яна не ўгаварыла яго здацца, не ўгаварыла яго зʼехаць у Амерыку, не ўгаварыла яго на нейкія іншыя дзеянні пад гэтую ўладу. Ён сказаў: я буду страляць. І яна, ужо да гэтага моманту перагарэўшы эмоцыямі і жахам, проста стрымана здымала тое, што адбываецца.

— Чаму відэа больш падобна на рэканструкцыю, чым на рэальную стральбу?

— Мы ўпершыню атрымалі такі матэрыял, хай і змантаваны, атрымалі мы яго ад КДБ, і гэта вельмі дзіўна. Навошта яны выклалі гэты відэафрагмент, мы не даведаемся ніколі.

Яны так спалохаліся і так былі збянтэжаныя тым, што адбываецца, альбо яны вырашылі зрабіць з гэтага матэрыял запужвання і потым даклеіць да яго прысуд з пасяджэння суда, дзе даюць гэтай жанчыне 30 гадоў лагераў — мы гэтага не ведаем. Але ў нас ніколі не было такой здымкі. Вельмі цікава, што яна зʼявілася.

Чытайце таксама: Азаронак пра Зельцэра: «Яны самі выклікалі міліцыю на сябе». Генпракуратура: «Вобшук быў санкцыянаваны»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0