Многія беларусы ўпершыню за год змаглі трапіць на спектакль таго самага, сапраўднага Купалаўскага тэатра, акцёры якога былі ў авангардзе беларускіх акцый пратэсту, паднялі над будынкам бел-чырвона-белы сцяг і масава звольніліся пасля скасавання кантракту з дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, які падтрымаў апазіцыю ў жніўні 2020-га.

У Беларусі для іх зараз фактычна абвешчаны забарона на прафесію. Перад пачаткам спектакля беларусы — госці фестывалю жартавалі, што дзеля Купалаўскага ім давялося даехаць «аж да Берліна».

Праўда, многія з гледачоў і самі апынуліся ў Берліне не па сваёй волі. Сярод іх былі і тыя, каму пагражае крымінальны пераслед у Беларусі ці хто пазбаўлены магчымасці займацца сваёй прафесіяй: напрыклад, журналісты ліквідаваных выданняў, адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі. Аднак нямала ў перапоўненай зале нямецкага тэатра таксама было нямецка- і англамоўнай публікі.

Спектакль «Войцэк» у Берліне ўпершыню быў паказаны ўжывую: прэмʼера адбылася яшчэ год таму — у інтэрнэце. Пасля звальнення з тэатра незалежная трупа купалаўцаў часам выступае за мяжой і паспяхова асвойвае інтэрнэт і новыя фарматы. Так, паставілі пʼесу Янкі Купалы «Тутэйшыя» прама ў YouTube, дзе яна набрала больш за 300 тысяч праглядаў.

Рэжысёр Раман Падаляка ў інтэрвʼю DW таксама распавёў пра тое, як жывецца тэатру ў выгнанні.

Паводле яго слоў, аб паўнавартасным тэатры за мяжой пакуль казаць не прыходзіцца. «Мы цяпер існуем усё-ткі ў рамках праектнай дзейнасці. Па розных прычынах рэлакацыя немагчымая. Ды і нам гэтага пакуль ніхто не прапануе», — сказаў рэжысёр. Са слоў Падалякі, многія з незалежных купалаўцаў знаходзяцца ў Беларусі, некаторыя выехалі за мяжу, адзінага месца для рэпетыцый тэатра цяпер няма.

Арганізаваць працу ў такіх умовах вельмі складана, але новыя праекты рыхтуюцца, ёсць планы на выступленні ў Польшчы, Украіне.

«Але галоўная наша мэта — працаваць для беларусаў, захоўваць нашу ідэнтычнасць», — адзначае беларускі рэжысёр.

Па яго словах, сыграць спектакль у самой Беларусі цяпер немагчыма.

Чытайце таксама: «Я ўзяў камеру і апынуўся пад сценамі Акрэсціна». Рэжысёр Андрэй Куціла зняў новы фільм пра беларусаў, дзе кожны знойдзе сябе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0