Валянцін Стэфановіч піша пра тое, як для яго важныя лісты, а таксама — што вельмі сумуе па родных:

«Лісты для мяне зараз хіба адзіны канал камунікацыі са знешнім светам. Я зараз жыву лістамі ды снамі, у якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям'ёй, з жывымі і памерлымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў сутарэннях Пішчалаўскага замка…

Сястра з мамай мне актыўна пішуць, ледзь не штодня. Вельмі сумую па іх, па жонцы і дзетачкам. Так хочацца абняць сваіх дзяўчынак маленькіх і міленькіх, а таксама свайго такога ўжо дарослага сына. Але мне гэта ўсё недаступна і гэта бадай самае цяжкае для мяне».

Таксама праваабаронца разважае пра адчуванне горада і свабоды:

«Зараз я ў дзіўным самаадчуванні. Я фізічна ўсё яшчэ тут, у цэнтры майго любімага горада. Там, за сцяной, горад жыве сваім штодзённым жыццём, ходзяць па вуліцах мінчукі, п'юць ранішнюю каву, спяшаюцца на працу, шпацыруюць па шырокіх праспектах. Але мяне як бы там і няма. Можна было б сказаць, што гэта падобна на смерць, бо калі ты паміраеш, свет застаецца і жыццё працягваецца з табой і без цябе. Але гэта не смерць, бо жыццё маё працягваецца, тут таксама жывуць людзі. Людзі, якія вырваныя са свайго жыцця, людзі, якія па розных прычынах апынуліся ў ізаляцыі. Тут наладжваецца свой побыт, выпрацоўваюцца навыкі штохвіліннага жыцця з іншымі, раней незнаёмымі людзьмі, на малой плошчы пасцісканыя.

Увогуле, самае цяжкае — гэта тая самая ізаляцыя. Ты пазбаўлены самага дарагога і каштоўнага ў жыцці — уласнай свабоды. Шмат якія рэчы, пра якія я і не думаў у паўсядзённым жыцці, набываюць тут новы сэнс, новую вялікую каштоўнасць. Я больш не належу самому сабе, ад мяне нічога не залежыць. Растанне з каханай, з дзеткамі — найцяжэйшае выпрабаванне для мяне.

Я меў ужо неяк досвед 2-гадовай адсутнасці ў горадзе — калі ў войску быў. Калі нарэшце прыйшоў дадому пасля 2 гадоў адсутнасці, было вельмі дзіўнае адчуванне. Горад нібыта не змяніўся, застаўся такі ж самы, проста мяне не было ў ягоным жыцці. Нешта падобнае і зараз. Так што жывіце напоўніцу, шануйце свабоду. Гэта самае дарагое ў нашым жыцця пасля самога жыцця. Свабода — найкаштоўнейшае, самае дарагое, калі ты сам вырашаеш, як табе жыць».

Вясновец таксама распавёў пра тое, як бавіць час і чаго яму не хапае:

«Што да мяне, дык тут асабліва няма чаго пісаць. Сяджу сабе:) Чытаю зараз Пастэрнака «Доктар Жывага». На тым тыдні ўзяў яшчэ Маркеса пачытаць, «Сто лет одиночества». І яшчэ Сашу Філіпенку «Возвращение в острог». Ён беларускага паходжання, але жыве ў Расіі і піша па-руску. Я яшчэ з ягонай творчасцю незнаёмы…

Добра, што наведваеш канцэрты. Я б таксама хацеў схадзіць на Барыса Грабеншчыкова. Хаця я не вялікі знаўца ягонай творчасці. Слухаў у маладосці, калі мне было 16-18 гадоў. Пасля для мяне расійскі рок неяк згубіў сваю цікавасць. Я стаў слухаць заходні і наш, беларускі. Зараз вось Нейра Дзюбель з задавальненнем пераслухаў бы, асабліва ранні». 

Нагадаем, праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня. У яго дома адбыўся вобшук, у выніку чаго канфіскавалі ўсю тэхніку, а самога праваабаронцу павезлі на допыт і пасля змясцілі пад варту.

Валянціну Стэфановічу прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0