Канстанцін Севярынец памёр 1 кастрычніка ў выніку наступстваў каранавіруса. Паўла, які адбывае тэрмін — яго асудзілі да сямі гадоў зняволення — у шклоўскай калоніі, на пахаванне не адпусцілі. Для свайго сына Францішка ён намаляваў партрэт дзеда.

«…Мой тата, а твой — дзед, быў чалавекам светлым, таленавітым, дабрадушным і шчодрым. Нарадзіўся ён ва Унорыцы. Менавіта ён патлумачыў мне, што наша родная мова — беларуская, і што Беларусь мае быць незалежнай. Ён даглядаў мяне разам з бабай Таняй, маёй матуляй, карміў, апранаў, гадаваў і выхоўваў. Усіх нас, дзяцей, ён вадзіў на футбол, вазіў у грыбы — і, канечне, летам адпраўляў у любую Унорыцу. Калі ён прыходзіў дахаты, то званіў у званок бадзёра і весела — «там-там-тарарам-тара-тара-тарам!», і мы ўсе падхоплівалі: «Вось і тата прыйшоў!»

Дзед Косця пісаў вельмі добрыя вершы, багата дапамагаў іншым, расказваў пра Беларусь, вучыў ставіцца да жыцця спакойна, добра гатаваў і складаў цэлыя кніжкі для дзяцей.Словам, твой дзед Кастусь Севярынец быў цудоўным чалавекам. Ведай гэта. Вельмі шмат людзей кажуць пра яго добрыя словы і праводзілі яго на неба. Дасылаю табе ягоны партрэт — і дзякую табе за малітву за дзеда Косцю!» — напісаў сыну Павел Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0