Склад журы-настаўнікаў

Прэм'ера павінна была адбыцца яшчэ вясной 2020-га, але здарыўся каранавірус. З красавіка кастынгі аднавіліся, і ў выніку для тэлевізійнай версіі адабралі 300 вакалістаў.

Адметна, што першапачаткова галоўным запрошаным суддзёй павінна была стаць спявачка Рыта Дакота (ураджэнка Беларусі), але пасля падзей жніўня 2020-га яе бачыць у складзе журы не захацелі.

Дакота выказалася пра пратэсты і нават напісала песню «Уходи», грошы ад спампоўвання якой паабяцала пералічваць пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў. Пляцоўкі для канцэртаў у роднай краіне для спявачкі таксама зрабіліся закрытымі.

Альтэрнатыва Дакоце знайшлася ў асобе Вольгі Бузавай, да вакальных даных якой у многіх ёсць пытанні. Менавіта таму яе прызначэнне на пасаду настаўніка прэстыжнага вакальнага конкурсу выклікала здзіўленне. З іншага боку, яна ўсё адно мае досыць вялікую аўдыторыю прыхільнікаў.

«Склад журы, вядома, можа бянтэжыць чалавека з добрым музычным густам. Але відавочна, што прыцягнуць медыйных, таленавітых асоб пасля 2020 года для арганізатараў было праблемай.

Лідары меркаванняў, якія маюць аўтарытэт у Беларусі, у большасці сваёй не пагадзіліся б працаваць на адным з дзяржаўных каналаў, дзе ў прайм-тайм транслююць прапаганду і здзекі з беларусаў (сярод палітвязняў у тым ліку ёсць культурныя работнікі). Гэта б сапсавала імідж любому артысту, які сябе паважае.

Па гэтай жа прычыне відавочна заніжанае канкурэнтнае асяроддзе сярод удзельнікаў: вялікая колькасць талентаў вырашылі пакуль не ўдзельнічаць у шоу, якое аўтаматычна можа залічыць цябе ў шэраг лаяльных рэжыму.

Я ведаю пастаянных удзельнікаў шоу, якія вырашылі не пэцкацца. Астатнія прыйшлі на сусветна вядомы брэнд, таму і была набраная неабходная колькасць канкурсантаў. Калі б гаворка ішла пра «Зорны дыліжанс — 8», падазраю, што заявак было б куды менш», — лічыць стваральнік Tuzinfm.by, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Суддзі беларускага X-Fаctor

Суддзі беларускага X-Fаctor

Кошт 

Бузава ў сваім інстаграме першапачаткова хвалілася сумай у 500 тысяч даляраў за працу ў Беларусі. Пазней яе калега Саседаў сказаў, што гэтая лічба — фэйк, укінуты праз жаданне калегі папіярыцца. У папярэдніх інтэрв’ю ён удакладняў

«З размовы я зразумеў, што ганарар (Бузавай) мог складаць недзе 200−250 тысяч даляраў. Але справа нават не ў лічбах. А ў тым, што мяне спрабавалі падмануць. На мяне грошай няма, а на Бузаву — ёсць.

І гэта прытым, што я не прасіў ні 250, ні 200 тысяч даляраў. Гэта былі іншыя грошы, і мне іх даць не маглі. Гэта было зусім абуральна! Мой ганарар быў нават ніжэйшы, чым у Руслана Аляхно».

Як нам дадаткова вядома з уласных крыніц, за звычайны выступ на карпаратыве Вольга Бузава звычайна просіць каля 50 тысяч даляраў плюс выдаткі на каманду — вось і лічыце самі.

Сам Саседаў таксама расказваў, што прасіў у арганізатараў 100 тысяч даляраў за працу, але яму паабяцалі «ў лепшым разе ў чатыры разы менш».

Што тычыцца іншых выдаткаў, то, нават калі паглядзець на адкрытыя крыніцы, сума ўражвае.

На сайце дзяржзакупак бачна, што на масоўку запланавана выдаткаваць 57 тысяч рублёў, на аператарскую работу — амаль 80 тысяч рублёў, рэпетыцыі і заняткі па вакале — каля трох тысяч рублёў.

Прыбіранне здымнай пляцоўкі і праца грузчыкаў — 3700 рублёў, дэкарацыі — амаль 158 тысяч рублёў. Нават ёсць такі пункт расходаў, як «паслугі па ажыццяўленні псіхалагічнага маніторынгу ўдзельнікаў праекта» (на дзве тысячы рублёў з хвастом).

Гэта толькі частка выдаткаў, у крыніцах фінансавання якіх, між іншым, пазначаныя «бюджэтныя сродкі». А рэспубліканскі бюджэт Беларусі на 2021 год у гэты ж час планаваўся з дэфіцытам у 4 млрд рублёў.

Палітычна-этычныя пытанні 

Па-першае, варта нагадаць, што Сяргей Саседаў першапачаткова адмовіўся ад прапановы Белтэлерадыёкампаніі ўзяць удзел у беларускім X-фактары праз «грамадска-палітычную абстаноўку» ў краіне.

У інтэрв’ю беларускім СМІ ён быў катэгарычным: «Больш не паеду ў Беларусь ні на якія фэсты, ні на якія праграмы датуль, пакуль будзе гэтая ўлада! Нагі маёй не будзе ў Беларусі! Мне вельмі шкада краіну і беларусаў. Гэтых выдатных людзей — чыстых, наіўных, вельмі даверлівых, якія сталі ахвярай жудаснай тыраніі».

Але ў выніку Сяргей усё ж увайшоў у склад журы, прытым што рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца і па сёння.

Што тычыцца Аляхно, то ён адразу зняўся ў кліпе на песню «Любімую не аддаюць» і за сваю адданасць у гэтым годзе, нарэшце, атрымаў званне заслужанага артыста.

Рэпер Сярога, хутчэй за ўсё, заслужыў крэсла настаўніка ранейшымі рэверансамі на адрас Лукашэнкі. Сярога-Пархоменка лічыць Лукашэнку аберагальнікам беларускага балансу, міру і парадку, таксама ён назваў яго рукапацісканне самым моцным у Еўропе.

«Для мяне акурат нясвоечасовасць шоу — гэта галоўнае пытанне. Можна закрыць вочы на дрэнны грым удзельнікаў, які іх старыць, і на святло, на склад журы. Але, калі ты ведаеш, што цяпер у краіне больш за 800 палітвязняў і пануе страх, ты не можаш да канца разняволіцца.

Нават калі б у складзе журы сядзеў умоўны Пол Макартні, гэта не выратавала б сітуацыю. Калі ты чалавек з сэрцам і ўмееш суперажываць, у цябе аўтаматам уключаецца маркер «свой-чужы». І людзі там чужыя для нас сваім абсалютным ігнараваннем актуальных падзей і сённяшняга кантэксту.

Ва ўсіх удзельнікаў шоу ёсць нейкія гісторыі, падабраныя ў адпаведнасці з канонамі тэлебачання: просты закаханы ў вядучую хлопчык, моцная жанчына. Яны маглі б крануць, але не ў гэты час. Бо сёння суперажыванне працуе ў іншым, больш рэальным вымярэнні — сэрца разрываецца і баліць за тых, хто ў турме, за тых, хто ратуецца і бяжыць унікуды, за тых, хто хварэе і памірае ў калідорах бальніц, за збітых і траўмаваных на ўсё жыццё», — адзначае Сяргей Будкін.

Рэйтынг

Мы запыталі рэйтынг новага для «Беларусь-1» шоу у профільнай кампаніі і, калі атрымаем звесткі, апублікуем іх. Пакуль жа высновы можна рабіць на прасторах Ютуба.

Нягледзячы на рэкламу, першы выпуск за тыдзень паглядзела каля 300 тысяч чалавек. З досыць вялікай колькасцю дызлайкаў. Гэта пакуль непараўнальна з рэйтынгам дэбютных выпускаў шоу ў анлайне ў суседзяў: за імі ў тым ліку сочаць і беларусы.

«Сярод бэтэшнага кантэнту «Х-фактар» можа быць самым рэйтынгавым шоу, бо што там яшчэ глядзець? Але рэйтынг «Беларусь-1» як тэлеканала конкурс дакладна не падыме. Не будуць глядзець гэта беларусы так, каб абмяркоўваць у курылках.

У шоу, на мой погляд, няма будучыні, бо яно не трапляе ў нерв. Яно не народзіць новых герояў сцэны. Каб гэта адбылося, у артыстаў павінна быць творчая свабода, свабода самавыяўлення, а ў гледачоў — свабода суперажывання, а гэта ў Беларусі на сёння адсутнічае і трактуецца як варожасць.

У такіх умовах артыст робіцца ці рамеснікам, ці выканаўцам дзяржзамовы. Мне вельмі шкада выканаўцаў, якія шчыра прайшлі кастынг, каб заявіць пра сябе і нешта паведаміць свету: ва ўмовах несвабоды, на жаль, іх талент не разгорнецца так, як мае быць», — каментуе Сяргей Будкін.

Адсутнасць беларускай адметнасці

У дэбютным выпуску гучаць песні і Алы Пугачовай, і Івана Дорна, і Андрэя Губіна, і з рэпертуару «Фабрыкі зорак», але намёку на беларускасць пакуль няма.

«У шоу няма беларускага кантэксту ўвогуле, таму яно не выклікае мурашоў. Усё зроблена па сцэнары франшызы: кожны выконвае сваю ролю, адарвана ад публікі і грамадства агулам.

У тым жа ўкраінскім варыянце нацыянальны каларыт праяўляецца ярка: гучаць ці сучасныя ўкраінамоўныя песні, ці фальклорныя — усё гэта дэманструе мясцовую адметнасць. А тут не тое што песні па-беларуску не ўключылі — у шоу не прагучала ніводнага беларускага слова.

Не было і намёку на нацыянальную асаблівасць. Дапускаю, што гэта было зроблена не адмыслова: пра гэта, як заўжды, не падумалі. Прычына, хутчэй за ўсё, у тым, што рэалізатары жывуць у рускім культурным кантэксце. Такое шоу магчыма як у нас, так і ў Крыме ці ў ДНР. Калі зрабіць «Х-фактар ДНР», ён будзе выглядаць прыблізна гэтак жа», — каментуе Сяргей Будкін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0