Фота офісу Святланы Ціханоўскай

Фота офісу Святланы Ціханоўскай

Таццяна — доктар філасофскіх навук. Яна скончыла БДУ, доктарскую абараніла ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце. Стажыравалася ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

Выкладае ў ЕГУ філасофію, сацыяльную тэорыю, сацыялогію, займаецца даследваннямі. 

«Я працую ў ЕГУ з 1994 года. Мне пашанцавала, што ўдалося выбудоўваць акадэмічную кар’еру са старту на такой пляцоўцы. Анатоль Міхайлаў — першы рэктар і адзін з сузнавальнікаў універсітэта — быў маім навуковым кіраўніком у БДУ, таму натуральна склалася, што я пачала працаваць там.

І калі ЕГУ закрылі ў Мінску ў 2004 годзе, паколькі Лукашэнку былі непажаданыя такія самастойныя навучальныя ўстановы, і ўніверсітэт, дзякуючы міжнароднай падтрымцы, пераехаў у Літву, я працягнула працаваць там», — расказвае пра свой досвед Таццяна.

Апошні год, паколькі вучоба праз пандэмію перайшла ў дыстанцыйны фармат, жанчына жыла ў Беларусі. Удзельнічала ў пратэсных акцыях: напрыклад, разам з калегамі яны на розных гарадскіх пляцоўках чыталі фрагменты з філасофскіх тэкстаў — з Канта пра тое, што такое асвета, з Лока пра свабоду і палітычнае рабства. У Вільню Таццяна вярнулася ў верасні.

«Трэба сказаць, што ў мяне з’явілася пачуццё, што я паспела. Калі прыехала ў Вільню, амаль адразу адна за адной пайшлі прапагандысцкія публікацыі аб ЕГУ — такія адназначныя палітычныя прысуды.

І я не ўпэўнена, што ў кантэксце новага палявання я б не патрапіла пад затрыманне. Бо я шмат публікавала тэкстаў са сваім меркаваннем і аналітыкай таго, што адбываецца. Як і многія мае калегі я жыла з фонавым трывожным чаканнем, што ранкам могуць пазваніць, прыйсці.

Я даўно супрацоўнічаю з Лятучым універсітэтам, і калі да калег прыйшлі, я ўпершыню некалькі дзён не начавала дома. І цяпер у турмах знаходзяцца мае студэнты, сябры, калегі. Гэта не можа пакінуць мяне раўнадушнай, таму магчымасць уключыцца ў шчыльную працу, звязанную з падтрымкай дэмакратычнага руху, я вельмі цаню,

— кажа яна пра сваё далучэнне да каманды Святланы Ціханоўскай. — Летась у пачатку навучальнага года я таксама прыязджала ў Вільнюс і сама спрабавала выходзіць на штаб. Нейкія сустрэчы пасрэдніцкія адбыліся, але ўключыцца шчыльна тады не атрымалася.

Таму калі я потым паслухала інтэрв’ю Франака Вячоркі, што ён таксама некалькі разоў прапаноўваў сваю дапамогу, зразумела, што, відаць, была недастаткова настойлівай (усміхаецца). А цяпер гэта быў сустрэчны рух з розных бакоў. Я абазначыла сваю гатоўнасць, і офіс шукаў чалавека на гэту пазіцыю».

Фота ЕГУ

Фота ЕГУ

З універсітэта Таццяна не звальняецца, будзе сумяшчаць. Кажа, у яе сёлета зусім невялікая педагагічная нагрузка і частка даследчыцкай стаўкі, таму гэта не будзе праблемай.

Чым прадстаўніца па адукацыі і навуцы будзе займацца найперш? Важнае пытанне — дапамога адлічаным студэнтам, звольненым выкладчыкам і навукоўцам.

«У офіса няма магчымасці аказваць прамую фінансавую падтрымку, гэта структурна немагчыма. Але дзякуючы свайму палітычнаму пазіцыянаванню мы можам садзейнічаць, каб гэтыя праблемы вырашыліся хутчэй. Напрыклад, спрыяць таму, каб адлічаныя студэнты працягвалі адукацыю за мяжой.

Апроч Польшчы, былі праграмы для беларускіх студэнтаў у Румыніі, Латвіі, Нарвегіі. Што важна адзначыць — месцы выдзелілі, але заявак было не шмат, не ўсе стыпендыі былі засвоены. Магчыма, і таму, што людзі проста не былі інфарміраваны.

І гэта яшчэ адзін момант, на які мы павінны звярнуць увагу. У бліжэйшы час буду збіраць неабходную інфармацыю, пашыраць сетку міжнародных кантактаў.

Можна было б падумаць, наколькі рэалістычна выбудаваць нейкія адукацыйныя праграмы з самой Беларусі, бо не ўсе ў стане з’ехаць».

Для звольненых выкладчыкаў і навукоўцаў таксама важна знайсці варыянты, каб яны маглі працягваць дзейнасць. Або весці курсы анлайн у замежных універсітэтах, або атрымаць у фондах падтрымку на ўласныя праекты. 

Другая задача офіса ў галіне адукацыі на блізкую будучыню — падрыхтоўка рэформы.

«Неабходнасць яе абмяркоўваецца ўжо некалькі год рознымі экспертнымі пляцоўкамі. Цяпер стала відавочна, што большасць грамадзян выступае за дэмакратызацыю краіны, і запуск гэтых працэсаў мае на ўвазе рэфармаванне практычна ўсіх ключавых галін грамадскага жыцця. І мы мусім супольна пачаць рыхтаваць пакет рашэнняў, які будзе базай для рэформы адукацыі — і сярэдняй, і вышэйшай.

Гэта неабходна, каб мы былі гатовыя на момант, калі патрэбныя палітычныя працэсы адбудуцца (а яны, безумоўна, адбудуцца, бо гістарычна і сацыяльна да гэтага ўсё схіляе, нягледзячы на вельмі сур’ёзныя перашкоды)».

Таццяна разважае, чаму адукацыя неадрыўна ад палітыкі. 

«Гэта сфера, дзе ажыццяўляецца праца з будучыняй. І тое, што пры Лукашэнку адукацыя і навука (асабліва ў сацыя-гуманітарнай сферы) прыйшлі ў такі стан, абсалютна не выпадкова. Адукацыя ў школах забюракратызавана, яна не спрыяе свабоднаму мысленню. У навучальных установах пры Лукашэнку пануе інэрцыя савецкіх аўтарытарных патэрнаў. А ў такіх умовах вельмі цяжка культываваць навыкі крытычнага мыслення і крэатыўнага самавыяўлення. 

Універсітэты ў нас цалкам страцілі аўтономію. А яна неабходна, для таго каб яны развіваліся як адукацыйныя і даследчыцкія інстытуцыі. 

Лукашэнка і яго каманда зрабілі такі палітычны выбар, у выніку якога нашы навучальныя ўстановы не спрыяюць таму, каб моладзь уяўляла сабой свабодна мыслячых, рэфлексіўных, адкрытых свету грамадзян, якія разумеюць свае здольнасці і месца ў грамадстве. Рэжым не быў зацікаўлены, каб фарміравалася актыўная грамадзянская супольнасць. Таму сёння наша адукацыя і знаходзіцца у такім крытычным становішчы». 

Дагэтуль тэмай адукацыі ў камандзе Ціханоўскай займалася Вольга Шпарага. Цяпер яна ў Берліне. Разам з камандай развівае асобную ініцыятыву — Офіс па адукацыі для новай Беларусі. Вольга патлумачыла, што проста адбылася ратацыя кадраў, яна па-ранейшаму будзе на кантакце з камандай Ціханоўскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0