Газета «Беларусы і рынак» паспрабавала даведацца, што экспартуе Беларусь у Расію і чаму экспарт, большы за на 1 млрд даляраў, аказаўся засакрэчаны?

Расіі выгадна купляць беларускую прадукцыю

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч сцвярджае, што «Расія свядома купляе беларускія тавары. І такая тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, працягнецца ў 2022 годзе».

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што Расію нельга прымусіць купляць беларускую прадукцыю:

— У Расіі эканоміка больш рынкавая, калі браць такія манапалізаваныя галіны, як здабыча нафты і газу, нафтаперапрацоўка. Таму меркаваць, што хтосьці можа прымусіць расійскія прадпрыемствы купляць беларускую прадукцыю, не даводзіцца.

Але на самай справе, ва ўмовах паслаблення беларускага рубля да расійскага купля беларускай прадукцыі выгадная Расіі.

— Сама па сабе працэдура куплі беларускай прадукцыі становіцца выгаднай (у пераліку на расійскі рубель тавары становяцца таннейшымі). А акрамя таго, існуе маса льготных рэжымаў (растэрміноўка на месяц, на два месяцы) таксама стымулюе расіянаў купляць беларускую прадукцыю, паколькі заходнія вытворцы такіх умоў не даюць, — падкрэслівае Леў Марголін.

Што Беларусь экспартуе ў Расію?

— Структура беларускага экспарту ў Расію моцна не мяняецца. Аснову складае харчаванне, перш за ўсё мяса і малако: экспарт малочных прадуктаў па аб'ёме атрыманай валюты займае трэцяе месца (услед за нафтапрадуктамі і калійнымі прадуктамі). Больш за 90% экспартаванага мяса і малака ідзе на Расію, — адзначае доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.

Акрамя таго, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія чыніліся расійскім лобі, у Расіі карыстаецца попытам беларуская тэхніка.

— Абсталяванне, транспартныя сродкі — МАЗ прыкладна 70% працуе на Расію, МТЗ не менш за палову трактароў экспартуе ў Расію, і «Гомсельмаш». Хоць расійскія вытворцы аналагічнай прадукцыі паволі ставяць нам палкі ў колы. У першую чаргу мясцовае малочнае лобі і вытворцы прадукцыі машынабудавання абмяжоўваюць беларускі ўдзел у расійскіх дзяржзамовах — адзначае прафесар.

Наогул у гандлёва-эканамічных адносінах з Расіяй назіраецца дысбаланс, які афіцыйны Мінск і не спрабуе выправіць.

— Сёння імпарт з Расіі б'е рэкорды: яго доля складае 57%. А беларускі экспарт у Расію складае каля 47%, гэта ненармальна. У свой час Макей сказаў, што трэба імкнуцца да формулы: траціна — Еўрасаюз, траціна — у Расію і траціна — у краіны так званай «далёкай дугі». Нічога не атрымалася, і цяпер беларускія ўлады нават не ўспамінаюць пра гэтую формулу. Як сысці ад Расіі — вялікае пытанне. Трэба прабівацца на рынкі бліжэйшых суседзяў, Еўрасаюза. Але сітуацыя такая, што не асабліва атрымліваецца. Задача дыверсіфікацыі экспарту пакуль не вырашаецца.

Што засакрэчана?

— Многія пазіцыі таварнага экспарту Белстат засакрэчвае, але ў асноўным гэта тычыцца экспарту нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, але яны акурат ідуць не ў Расію, — адзначыў Барыс Жаліба. — Магчыма, засакрэчаныя пастаўкі ваеннай тэхнікі, тэхнікі падвойнага прызначэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0