Getty Images 

Getty Images 

Прынамсі чатыры члены Кабінета міністраў былі затрыманыя неапазнанымі ваеннымі незадоўга да світання ў панядзелак. Паводле аднаго з паведамленняў, прэм'ер-міністр Абдала Хамдук таксама арыштаваны.

Тэлеканал Al Hadath перадае, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, што Хамдук быў змешчаны пад хатні арышт. Па даных канала, узброеныя фарміраванні арыштавалі не толькі чатырох міністраў, але таксама аднаго грамадзянскага члена кіруючай рады, некалькіх губернатараў штатаў і кіраўнікоў палітычных партый.

Агенцтва Рэйтэр, спасылаючыся на тры крыніцы, піша, што арыштавана ўжо большасць членаў урада Судана і вялікая колькасць лідэраў праўрадавых партый у выніку «відавочнага перавароту».

Невядома, хто менавіта праводзіў арышты. Вайскоўцы афіцыйна не каментуюць гэтыя паведамленні.

Відавочцы паведамляюць, што ў суданскай сталіцы Хартуме не працуе Інтэрнэт, пры гэтым у сацсетках з'явіліся фота, на якіх разгневаныя натоўпы паляць шыны на вуліцах. Па паведамленні тэлеканала «Аль-Арабія», закрыты сталічны аэрапорт, прыпыненыя міжнародныя рэйсы.

У Хартуме разгорнутыя ўзброеныя сілы і ваенізаваныя фармаванні, яны абмяжоўваюць перамяшчэнне грамадзянскіх асоб, у той час як пратэстоўцы з нацыянальнымі сцягамі паляць шыны ў розных частках горада.

Асноўныя грамадзянскія дэмакратычныя групы ў Судане заклікалі сваіх прыхільнікаў супраціўляцца любому вайсковаму перавароту. Прэм'ер Хамдук таксама заклікаў народ выйсці на вуліцы, каб мірна абараніць рэвалюцыю, паведамляе тэлекампанія «Аль-Арабія» са спасылкай на Міністэрства інфармацыі краіны.

Паведамленні аб арыштах паступілі на фоне росту напружанасці паміж вайскоўцамі і грамадзянскімі пераходнымі ўладамі, якія падзялілі ўладу пасля звяржэння прэзідэнта Амара аль-Башыра ў 2019 годзе пасля некалькіх месяцаў вулічных пратэстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0