Фота depositphotos.com

Нацыянальная статыстычная служба Брытаніі паказала вынікі даследавання, якое пралівае святло на дужа актуальнае ў час вакцынацыі пытанне. Навукоўцы распавялі, наколькі натуральны імунітэт, здабыты пасля перажытага кавіду, адрозніваецца ад абароны, атрыманай пасля прышчэпкі.

Каб зразумець, які тып імунітэту мацнейшы, эксперты прааналізавалі шэраг выпадкаў кавіду. Іх цікавіла, ці былі рэспандэнты, чыя гісторыя хваробы трапіла пад увагу даследчыкаў, раней вакцынаваныя і ці перажывалі яны кавід раней. Таксама эксперты ўлічвалі і іншыя фактары рызыкі, напрыклад узрост чалавека, піша Guardian.

Аналітыкаў цікавілі два перыяды. Перш за ўсё, яны вывучылі выпадкі хваробы са снежня 2020 года па сярэдзіну мая 2021-га, калі дамінаваў самы першы штам кавіду — «альфа».

У той час цалкам пройдзеная вакцынацыя зніжала рызыку захварэць у сярэднім на 79%, прычым гэтая лічба мала залежала ад тыпу вакцыны. Аднак імунітэт ад перажытай хваробы абараняў ад новага кавіду толькі прыкладна на 65%.

Таксама навукоўцаў зацікавіў час з сярэдзіны мая па сярэдзіну жніўня 2021 года, калі ў Брытаніі асноўным штамам стала «дэльта».

У гэтым выпадку цалкам пройдзеная вакцынацыя зніжала рызыку атрымаць станоўчы тэст на 64-70%. Імунітэт пасля кавіду даваў падобны вынік — 65-77%.

І ў першы, і ў другі перыяд вакцынацыя дзвюма дозамі прышчэпкі давала лепшы вынік, чым толькі адна доза.

Эксперты падкрэсліваюць, што зробленае даследаванне не з’яўляецца ідэальным. Напрыклад, праца была б больш якаснай, калі б яе ўдзельнікі былі падабраныя адвольна.

Таксама розныя катэгорыі людзей могуць па-рознаму ставіцца да здачы тэстаў на кавід, таму ў некаторых іншых працах выкарыстоўваюцца даныя людзей, што рэгулярна здаюць тэсты — напрыклад, медыкаў.

Тым не менш цяперашняе даследаванне брытанцаў — прыклад якасна зробленага аналізу.

Зрабілі вакцыну і перажылі кавід? Віншуем: у вас гібрыдны імунітэт і вам не патрэбныя бустарныя вакцыны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?