Праз чатыры гадзіны пасля затрымання ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч. Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. Яніну ў машыне каля ўвахода чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа. Яны падышлі да яе і прапанавалі праехаць з імі, каб даць паказанні ў якасці сведкі. Але дзяўчына папрасіла даслаць ёй позву. Пасля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць. У выніку, Змітровіч адвезлі ў апорны пункт Навабеліцкага раёна.

У 14:07 бацькам прыйшло паведамленне з невядомага нумара: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе Навабеліцкага раёна». Толькі ў судзе бацькам удалося пабачыць дачку. Там яны даведаліся, што затрымалі яе за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае пасяджэнне бацькоў не пусцілі. Суддзя Аляксандр Зінчук, па словах бацькоў, разгледзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Пасля суда Яніну адвялі ў апорны пункт, а праз дзве гадзіны адвезлі ў АУС Навабеліцкага раёна. Свой арышт дзяўчына будзе адбываць у гомельскім ІЧУ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?