Фота ТАСС

Фота ТАСС

«Заява Пуціна — трохі нечаканая і дзіўнаватая. Бо цягам году міністр замежных справаў Расіі Лаўроў казаў, што ў Беларусі ідзе дыялог паміж уладай і грамадзянскай супольнасцю наконт канстытуцыйнай рэформы, усё ў парадку з гэтым, — кажа палітычны аналітык Валер Карбалевіч. — А тут раптам вынікае, што нічога такога няма і дыялог трэба пачынаць.

Я гэта тлумачу той жа прычынай, якая выклікала напружанне ў кастрычніку, калі адбылася гісторыя з «Камсамолкай», пасля абмен уколамі з тэлеканалаў, пасля адмова Пуціна прыязджаць у Мінск…

Мяркую, словы Пуціна звязаны з тым, што Лукашэнка не выконвае абяцанні, якія даў год таму на сустрэчы ў Сочы. Тады ж Пуцін падтрымаў Лукашэнку, але пры ўмове, што адбудзецца транзіт улады і Лукашэнка сыйдзе.

А цяпер жа вынікае, што Лукашэнка нікуды не сыходзіць, а застанецца кіраўніком Усебеларускага народнага сходу, што не адпавядае абяцанням пра сыход. 

І гэта Пуціну не падабаецца, таму ён такім чынам і троліць Лукашэнку.

Таксама магчымыя супярэчнасці ў вырашэнні крызісу з мігрантамі. Невыпадкова апошнім часам Пуцін і Лукашэнка часта размаўляюць па тэлефоне — каб усё было ў парадку, наўрадці сазвоны былі б настолькі рэгулярнымі.

Магчыма, калі да Пуціна звярталіся кіраўнікі еўрапейскіх краінаў, ён і паабяцаў дапамогу ў вырашэнні мігранцкага пытання, а пасля высветлілася, што ўплываць на Лукашэнку не так і проста. Адпаведна, цяпер Пуцін не можа выканаць свае абяцанні, што яго раздражняе.

Але ж не варта спадзявацца, што Пуцін сапраўды зацікаўлены ў дыялогу беларускай дзяржавы і апазіцыі. Бо сам Пуцін не вядзе дыялогу са сваімі апанентамі, ён робіць з імі якраз тое ж, што і Лукашэнка — саджае ў турму.

Таму, мяркую, словы Пуціна сапраўды проста тролінг».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0