Фота: ria.ru

Фота: ria.ru

Як кажуць нашы крыніцы, усё пачалося пасля візіту Лукашэнкі на «Мотавела», калі той сказаў: «Ідэі разарваць прадпрыемства на кавалкі, а затым іх раздаць па банках («Белгазпрамбанк», «Альфа-Банк» і іншыя) я расцэньваю як антыдзяржаўныя. Гэта знішчэнне прадпрыемства».

Праз месяц Нацбанк арганізаваў пазапланавую праверку «Альфа-Банка», якая выявіла «парушэнні» ў дзейнасці гэтага банка з расійскім капіталам. Неўзабаве пасля гэтага адбыліся кадравыя змены ў арганізацыі.

«Гісторыяй на «Мотавела» Нацбанк вырашыў скарыстацца, каб звесці рахункі і павучыць жыццю ў Беларусі менеджараў расійскага банка, у якога з кіраўніцтвам Нацбанка склаліся «крытычныя непаразуменні, — тлумачыць «Нашай Ніве» суразмоўцы з банкаўскай сферы. 

— Напрыклад, Нацбанк просіць «Альфа-банк» купіць аблігацыі нейкага дзяржаўнага завода.

Вельмі-вельмі важныя аблігацыі, якія ўсе-усе купляюць па сваёй волі, бо Нацбанк жа прымусіць не можа — ён проста «просіць».

А ў «Альфе» раяцца з Масквой, тыя кажуць — ну, калі проста просяць, то купляць мы іх, канечне ж, не будзем.

Або «просіць» Нацбанк пракрэдытаваць нейкае прадпрыемства, якому банкір у здаровым розуме грошай ніколі не дасць. Топы «Альфы» раяцца ў Маскве: у іх жа ёсць сваё начальства, якое іх бярэ на работу. Там кажуць: «Вы здурэлі, якія крэдыты? Дзейнічайце згодна з вашым планам эфектыўнасці».

«Гэта наклалася на сітуацыю на «Мотавела», у якога маёмасць у банкаўскім закладзе, грошай завод не зарабляе, а просіць яшчэ і яшчэ крэдытаў, — працягваюць суразмоўцы. — Як было б у іншай краіне? Банк бы адабраў маёмасць у кошт даўгоў, і ўсё. Якія новыя крэдыты? Гэтыя грошы ніколі не вернуцца. Але ў нас пастаўленыя кіраўнікамі чыноўнікі скардзяцца, што іх рабуюць і не даюць крэдытаў».

«Такім чынам, атрымаўшы індульгенцыю на пазбаўленне ліцэнзій, «Альфу» б'юць пугай, каб навучыць слухаць Нацбанк у прынцыповых для аграрнай эканомікі пытаннях. Інакш ёсць пагроза паставіць туды сваіх, лаяльных Калаўру, менеджараў. Бо лава людзей з банкаўскімі ліцэнзіямі ў Беларусі даволі кароткая, — кажа адзін з нашых суразмоўцаў. — Як я разумею, «Альфа» гатовая сігнал зразумець — Валерый Смаляк падаўся на пераатэстацыю і ўсё ідзе да таго, што ён вернецца ў крэсла старшыні праўлення».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?