Сёння ў судзе Першамайскага раёна суддзя Максім Трусевіч разглядзеў справу 49-гадовай Анастасіі Несцеравай. Яна працуе фінансава-адміністрацыйнай асістэнткай у праграме развіцця ААН у Беларусі. Затрымалі жанчыну яшчэ 18 лістапада. Тады яе арыштавалі на 10 сутак па арт. 19.11 КаАП за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Адразу ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла рэпост з «экстрэмісцкага» канала, але міліцыянты былі вымушаныя перапісваць пратакол, бо тое паведамленне, за якое яе судзілі, дасылала не сама Анастасія, а наадварот — ёй. Таксама вядома, што мужа Несцеравай таксама арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дома ў мужа і жонкі прайшоў ператрус, а тэхніку канфіскавалі.

28 лістапада Анастасія на волю не выйшла, бо на яе склалі паўторны пратакол па арт. 19.11 КаАП. На гэты раз за рэпост з выдання «Zerkalo». Па словах жанчыны, яна адправіла сяброўцы, якая жыве не ў Беларусі, інфармацыю пра яе пляменніцу, якая была размешчаная на «Zerkalo». Віну сваю Несцерава прызнала, але папрасіла суддзю пакараць яе штрафам.

У Анастасіі Несцеравай дыягнаставаны рак, які патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва. Акрамя гэтага, 73-гадовай маці Несцеравай патрэбны догляд.

Але суддзя Максім Трусевіч не звярнуў на гэта ўвагі і арыштаваў жанчыну на 15 сутак. Неглядзячы на цяжкую хваробу і тое, што яна ў ЦІПе захварэла на цыстыт і вымушаная піць антыбіётыкі па прызначэнні лекара, Анастасія правядзе за кратамі агулам 25 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0