Справу разбіраў суддзя Сяргей Будрэвіч. Пацярпелы, участковы міліцыянт з Бабруйска Андрэй Комар, на паседжаннях не прысутнічаў.

Паводле следства, Аляксандр Жалязоўскі ў чэрвені 2020 года пакінуў пад допісам у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» каментарый: «У яго на лбе напісана: поск*дзь кончаная».

У публікацыі, пад якой быў пакінуты каментарый, вялася гаворка пра міліцыянта з Бабруйска Андрэя Комара. «Гэта я даваў паказанні, каб невінаватых адправілі ў турму», — такі подпіс стаяў пад фотаздымкам Комара.

На погляд абвінавачання, Жалязоўскі сваім каментарыем пад допісам абразіў прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.

Абвінавачаны віны не прызнаў.

Адвакат Жалязоўскага падчас судовых спрэчак сцвярджаў, што каментарый не меў канкрэтнага адрасата і што яго падабаронны не абражаў прадстаўніка ўлады, а «эмоцыямі рэагаваў на тое, што аўтар допісу прыпісваў Комару». Прасіў суд цалкам апраўдаць віцябляніна.

Суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў Жалязоўскага вінаватым у злачынстве, прадугледжаным арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), і цалкам задаволіў патрабаванні пракурора.

Прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Задаволеныя таксама патрабаванні Комара аб кампенсацыі маральнай шкоды. Жалязоўскі мусіць выплаціць яму 1000 рублёў.

Прысуд можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0