Яраслаў Раманчук. Фота: Jaroslav.Romanchuk / Facebook

Яраслаў Раманчук. Фота: Jaroslav.Romanchuk / Facebook

Яраслаў Раманчук мяркуе, што ў санкцыйныя спісы беларускіх уладаў трапяць прадпрыемствы, якія праявілі нелаяльнасць да рэжыму.

«Будзе адзін прынцып унясення ў спісы — амбасады Беларусі ў замежжы будуць глядзець, як адносіліся да беларускай рэвалюцыі тыя ці іншыя кампаніі, як яны ставіліся да апазіцыі ці да ўлады, і ўносіць у спісы, як гэта было з кампаніямі, што адмовіліся ад фінансавання чэмпіянату па хакеі», ‒ гаворыць ён.

«Краіна кантрабанды»

Ці будзе дэфіцыт з-за санкцый? Яго Раманчук выключае, бо «схематоз працуе». Але выбар тавараў зменшыцца.

«Два гады таму, калі былі абмежаванні на ўвоз тавару для ІП, з’явіліся людзі, якія падышлі да прадпрымальнікаў і сказалі: мы можам вам зрабіць тое, што вы не можаце зрабіць, якія тавары вам патрэбныя? Яны проста зрабілі гэта, з усімі дакументамі. Так што схематоз у Беларусі працуе.

Ну, можа, нехта не атрымае прашута, ікры, нейкіх шмотак, але тыя людзі, якія могуць сябе забяспечыць, яны могуць злятаць у Турцыю, тую ж Маскву. Дэфіцыту не будзе. Але, безумоўна, будзе меншы спажывецкі выбар».

«Беларусь — краіна кантрабанды. З-за ўсіх межаў, з усіх крыніцаў кантрабанда будзе крышавацца людзьмі ў пагонах, якія паказалі лаяльнасць рэжыму», ‒ мяркуе эканаміст.

Яшчэ Раманчук бачыць небяспеку для інвестыцыйнай прываблівасці нашай краіны.

«Тыя крамы, якія арыентаваліся на замежныя брэнды, будуць мець праблемы. Гэтыя санкцыі — яны таксама і пра інвестыцыі, інвестыцыйныя праекты. Бо адкрываць тут крамы, рознічныя сеткі, а потым вам скажуць: купляйце ў Беллегпрама, гандлюйце з Белкаапсаюзам. Такія падыходы будуць адбівацца на камерцыйным стане сетак. Банкруцтва крамаў, рознічных сетак, прадпрымальнікаў будзе».

Інфляцыйных рызык з-за санкцый Раманчук не бачыць. Але рызыкі ў іншым.

«Інфляцыя — гэта праяўленне манапалізму, таго, што на рынку будуць працаваць толькі тыя, хто зможа прайсці гэтае пекла ўзгадненняў, рэгулявання. А зрабіць гэта без чалавека з ружжом і ў мундзіры немагчыма будзе. Так што «амонаэканоміка» ў дзеянні».

«Каб начальнікі мелі магчымасць стаць мільянерамі»

Эканаміст скептычна ацэньвае дзяржаўныя высілкі рэалізаваць праграму імпартазамяшчэння.

«Ведаеце, праграма імпартазамяшчэння — гэта тэарэтычная мадэль, якая была распрацаваная для бедных краінаў Афрыкі і Лацінскай Амерыкі на сярэдзіну 20 стагоддзя. І ні ў адной краіне не было поспеху. Бо гэта чыноўніцка-наменклатурны, палітычны праект, ніяк не звязаны з эканомікай.

Расійскае імпартазамяшчэнне — гэта драматычная яскравая параза. Гэта наменклатурны праект, які дазволіў сотні мільярдаў долараў перанакіраваць у кішэні.

Бенефіцыярам гэтай праграмы з’яўляецца, напрыклад, бізнес, які асацыюецца з былым прэзідэнтам Расіі Мядзведзевым. Ён зрабіў буйны агракомплекс.

Імпартазамяшчэнне — гэта спроба зрабіць магутны алігархічны бізнес. Менавіта гэта і атрымалася ў Расіі.

«Роснана» таксама збіралася замясціць розныя тавары ‒ «Роснана» абвясціла пра банкруцтва. 15 млрд долараў, якія былі вынятыя з карманаў падаткаплацельшчыкаў, былі змарнатраўленыя і знішчаныя.

Калі Беларусь будзе ісці гэтым шляхам, а яна па сутнасці ім і ідзе, гэта значыць, што яна яшчэ больш будзе мець даўгоў, яшчэ больш таксічных актываў, а грошы з бюджэту будуць асвойваць, каб начальнікі з розных дзяржкарпарацыяў мелі магчымасць стаць мільянерамі. Але поспеху краіне з праграмай імпартазамяшчэння немагчыма дасягнуць», ‒ лічыць Раманчук.

Дзяржава будзе займацца імпартазамяшчэннем. Крута? Эканаміст: «Гэта ўдарыць па кішэні беларусаў»

Урад прыняў пастанову аб санкцыях: у «чорны спіс» патрапіла мяса, малако, кандытарка і садавіна з ЕС, ЗША і Канады. Што гэта значыць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0