Група даследчыкаў з Паўднёва‑заходняга медыцынскага цэнтра універсітэта Тэхаса (ЗША) высветліла, чаму некаторыя людзі надта ўжо прагнуць салодкай і каларыйнай ежы нават пасля поўнага насычэння.

Даследаванне паказала, што гэтак званы гармон голаду — грэлін які выпрацоўвае арганізм, калі яму не стае ежы, прымушае мозг прагнуць каларыйнасці ежы, незалежна ад таго, колькі чалавек паспеў з’есці да гэтага моманту. Вось вынікі даследавання і тлумачаць, чаму падчас святаў людзі так часта пераядаюць і чаму, нават пасля сытнага застолля гатовыя яшчэ ўпіхнуць ў сябе плітку шакалада. Грэлін робіць некаторыя віды ежы асабліва спакуслівымі.

Як распавёў доктар Джэфры Зігман, суаўтар даследавання, «Мы паказваем, што бываюць сітуацыі, у якіх мы паглынаем вельмі каларыйную ежу, нават калі мы сытыя, з адной прычыны, бо наш мозг загадвае нам гэта рабіць». Навукоўцы правялі эксперымент на мышах, спачатку даючы ім у адным памяшканні каларыйную ежу ў вялікіх колькасцях, а ў іншым — невялікую порцыю звычайнае ежы. Калі мышам уводзілі грэлін, яны адразу ж беглі ў памяшканне з каларыйнай ежай.

Дарэчы, іншая група амерыканскіх навукоўцаў ўстанавіла, што грэлін выпрацоўваецца яшчэ і з прычыны недасыпання.

Арганізм спрабуе кампенсаваць недахоп сну гэтымі гармонамі. Таму ў людзей, якія вядуць начны лад жыцця, узнікае пачуццё голаду. Характэрна, што калі чалавек спіць, яго арганізм выпрацоўвае лептын, што прытупляе апетыт. Таму, каб меней есці, трэба болей спаць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?